Кантэкст: У Менску 29 траўня 2026 года з размахам адзначылі 80-годдзе Менскага трактарнага заводу. Свята каля цэнтральнай прахадной прадпрыемства працягвалася ўвесь дзень і завяршылася бясплатным канцэртам расейскага гурта «Иванушки International» і феерверкам.
Юбілею МТЗ прысвяцілі сюжэт у праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ 31 траўня 2026 года. У ім распавялі, як адзін з трактароў прадпрыемства нібыта трапіў у нейкую амерыканскую «Кнігу гонару»:
«Пакаленне МТЗ-80. У пачатку 70-х у ЗША вырашылі правесці ўласнае выпрабаванне гэтай тэхнікі. Безупынна яны доўжыліся амаль содні. Трактар вытрымаў усё. Заехаў у Кнігу гонару ЗША, а экспартныя пастаўкі ў Злучаныя Штаты і Канаду павялічыліся».
Яшчэ больш гучную версію гэтай гісторыі ў 2023 годзе апублікавала «Сельская газета». Артыкул перадрукавала выданне «СБ. Беларусь сёння»:
«Яшчэ больш суровы экзамен чакаў савецкі МТЗ-80 на міжнародных спаборніцтвах у штаце Нэбраска (ЗША), якія мясцовы ўніверсітэт арганізоўвае з 1920 года. З таго часу ва ўсім свеце выраблена больш за 15 тысяч мадэляў трактароў, і толькі 1138 з іх вытрымалі экзамен у Нэбрасцы. МТЗ-80 стаў 1139-й мадэллю. На ўсіх этапах выпрабаванняў ён паказаў выдатныя вынікі. Пратакол выпрабаванняў увайшоў у “Чырвоную кнігу” і быў адразу ж разасланы фермерам свету. Тым самым МТЗ-80 прызнаны найлепшым сярод трактароў свету».
Насамрэч ніякіх міжнародных спаборніцтваў трактароў у Нэбрасцы не праводзілі. Пры Універсітэце Нэбраскі ў горадзе Лінкалн працуе лабараторыя выпрабаванняў трактароў, якая займаецца незалежнай праверкай тэхнікі на адпаведнасць заяўленым характарыстыкам.
Лабараторыю стварылі больш за сто гадоў таму, каб змагацца з нядобрасумленнымі вытворцамі. Без такога выпрабавання трактар нельга было прадаваць спачатку ў Нэбрасцы, а пазней і ў іншых штатах. З часам сертыфікаты лабараторыі пачалі прызнаваць і ў іншых краінах.
Для выхаду МТЗ-80 на рынкі капіталістычных краін быў патрэбны сертыфікат, які там прызнавалі. Таму некаторыя мадэлі савецкіх трактароў праходзілі выпрабаванні ў замежных цэнтрах, у тым ліку ў лабараторыі Універсітэта Нэбраскі. Лабараторыя тэставала не ўсе мадэлі трактароў у свеце, а толькі тыя, вытворцы якіх хацелі выйсці на амерыканскі рынак. МТЗ-80 пацвердзіў заяўленыя характарыстыкі, а паводле некаторых паказнікаў аказаўся лепшым за іншыя трактары таго ж класа. Але лабараторыя не параўноўвала яго з усімі мадэлямі свету і не прысвойвала яму звання найлепшага. У заключэнні не было ацэнак: спецыялісты толькі фіксавалі вынікі выпрабаванняў.
Паводле вынікаў года лабараторыя выпускала рэкламна-інфармацыйны буклет з дадзенымі пра мадэлі, дапушчаныя да продажу на амерыканскім рынку. Пэўны час ён называўся Red Book («Чырвоная кніга») праз чырвоны колер вокладкі. На першай старонцы буклета пазначана, што ён утрымлівае справаздачы пра выпрабаванні трактароў. Там няма сцвярджэнняў, што гэта зборнік найлепшых мадэляў або машын, якія асабліва вызначыліся падчас тэстаў. У яго ўключалі ўсе выпрабаваныя трактары, вытворцы якіх пагадзіліся на публікацыю вынікаў.
То бок Red Book не быў ні «Кнігай гонару ЗША», ні пералікам найлепшых трактароў свету. МТЗ-80 ніхто не прызнаваў найлепшым сярод усіх мадэляў, якія існавалі.
СССР сапраўды вызначыўся іншым: пасля выпрабаванняў ён замовіў у лабараторыі ў Нэбрасцы 10 тыс. копіяў пратакола. Гэта настолькі здзівіла супрацоўнікаў, што музей лабараторыі дагэтуль згадвае гэты выпадак на сваёй старонцы ў Facebook і сцвярджае, што рэкорд так ніхто і не пабіў.
Пасля выпрабаванняў пачалася серыйная вытворчасць МТЗ-80. Паводле паведамленняў амерыканскіх СМІ, за першыя тры гады ў ЗША прадалі тысячу такіх машын. Гэта складала менш за 0,5% амерыканскага рынку трактароў таго часу. Пазней заходняя прэса пісала, што з 1968 года ў ЗША і Канадзе прадалі 50 тыс. беларускіх савецкіх трактароў. Пры гэтым на гэтых рынках пад брэндам Belarus прадаваліся ўсе савецкія трактары, у тым ліку вырабленыя не на МТЗ, а на іншых заводах.
Так АНТ і «Сельская газета», спрабуючы давесці выключную якасць трактароў МТЗ, ператварылі стандартныя сертыфікацыйныя выпрабаванні ў міжнароднае спаборніцтва, а інфармацыйны буклет Red Book – у амерыканскую «Кнігу гонару».