Антыфэйк / фактчэк

15 лістапада

Русафобія стукнула па прыбалтах, ці Хто насамрэч узяў у закладнікі літоўскіх дальнабойнікаў

Аўтары тэлеграм-каналу BelVestnik напісалі, што кіроўцы вялікагрузаў апынуліся закладнікамі ўласных уладаў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 31.10.2025
Сотні літоўскіх перавознікаў не могуць пакінуць Беларусь праз тое, што Літва зачыніла мяжу, напісалі аўтары тэлеграм-каналу BelVestnik. Журналісты Weekly Top Fake высветлілі, з-за каго насамрэч кіроўцы вялікагрузаў захраслі ў нашай краіне.

Літва да 30 лістапада 2025 года зачыніла прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю праз запуск з беларускай тэрыторыі паветраных шароў з кантрабандай цыгарэт. У тэлеграм-канале BelVestnik 31 кастрычніка паведамілі, што праз гэтае рашэнне літоўскія дальнабойнікі не могуць вярнуцца дадому. 

«Некалькі сотняў перавознікаў апынуліся закладнікамі ўласных улад, якія вырашылі зачыніць межы з Беларуссю. Зараз фуры захраслі, кіроўцы не могуць вярнуцца дахаты, а ланцужкі дастаў — на мяжы зрыву. <...> Тым часам пакуль Беларусь захоўвае спакой і выконвае свае абавязанні, Літва зноў паказвае: у русафобіі няма логікі, ёсць толькі палітычны фанатызм — і ён б'е па саміх прыбалтах». 

Насамрэч кіроўцы фур не могуць выехаць зусім не праз рашэнне Вільні. У пастанове ўраду Літвы ад 29 кастрычніка прапісаныя выключэнні: абмежаванні не закранаюць грамадзянаў Літвы і іх сем'і, людзей з дазволам на жыхарства, уладальнікаў гуманітарных віз, грамадзянаў ЕЗ і іншых асоб, па рашэнні МЗС Літвы. Гэта значыць, што ўсіх кіроўцаў, якія ўваходзяць у гэтыя катэгорыі, Літва гатова прапусціць. 

Аднак праз дзень пасля закрыцця межаў Літвой беларускі ўрад забараніў рух па сваёй тэрыторыі літоўскіх і польскіх фур. Зараз яны могуць знаходзіцца толькі ў адмыслова ўсталяваных месцах, а пакінуць Беларусь — толькі праз мяжу з дзяржавай, у якой зарэгістраваны транспартны сродак. То бок, літоўскія грузавікі не могуць вярнуцца дамоў праз Польшчу ці Латвію.

Больш за тое, па паведамленні дарадцы прэм'ер-міністра Літвы, беларускі бок увёў правіла, што вярнуцца фура можа толькі праз той памежны пункт, якім яна заехала ў Беларусь. Вільня звярнулася да беларускіх памежнікаў, каб дамовіцца і адкрыць калідор для эвакуацыі перавознікаў. На гэта МЗС Беларусі адказаў, што гэта праблемы Літвы, і заклікаў яе цалкам адкрыць межы для ўсіх. Гэта значыць, што перавознікі апынуліся ў закладніках у беларускіх, а не літоўскіх улад.