Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Беларусь — галоўны пастаўшчык слімакоў у Францыю? На беларускім радыё перабольшылі ролю краіны ў гэтым імпарце

Францыя сапраўды закупляе амаль усіх слімакоў за мяжой, але на Беларусь даводзіцца толькі невялікая частка дастаў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 17.03.2026
Госць праграмы «Экспертны клуб» беларускага радыё заявіў, што Францыя закупляе большасць слімакоў у Беларусі. Аднак дадзеныя пра даставы паказваюць, што доля Беларусі ў французскім імпарце слімакоў невялікая, а асноўнымі пастаўшчыкамі выступаюць іншыя краіны.

Кантэкст: У ААН заявілі, што калі канфлікт на Блізкім Усходзе зацягнецца да лета, колькасць галадаючых у свеце можа вырасці на 45 млн чалавек, а наступствы адчуе ўвесь свет. Узрост цэн на паліва, угнаенні і перавозкі ўжо адбіваецца на кошце прадуктаў. Жыхары Еўропы ўжо адчулі падаражэнне паліва, а эксперты папярэджваюць пра магчымы ўзрост цэн на масла, муку, хлеб, макаронныя вырабы і чыпсы. Нягледзячы на тое, што Беларусь наўпрост не залежыць ад энергарэсурсаў з Блізкага Усходу, Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ўзрост цэн на іх закране і нашу краіну — праз інфляцыю і падвышэнне цэн ва ўсім свеце.

Абмяркоўваючы ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё тэму харчовай бяспекі, дырэктар Цэнтру міжнародных даследаванняў факультэту міжнародных адносін БДУ Мікіта Бяленчанка заявіў, што Беларусь фактычна корміць Францыю слімакамі.

«Французы любяць слімакоў. Яны іх любяць, так, але яны практычна не вырабляюць слімака на тэрыторыі Францыі. <...> Яны закупляюць слімакоў большасць з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. І Рэспубліка Беларусь дастаўляе слімакоў ў Францыю. <...> Не будзем казаць пра кампаніі, але іншая краіна, якая актыўна дастаўляе, — гэта Сербія», — сказаў Бяленчанка ў эфіры праграмы «Экспертны клуб» 17 сакавіка 2026 года.

Францыя сапраўды застаецца адным з найбуйнейшых імпарцёраў слімакоў у свеце і амаль усіх іх закупляе за мяжой. Але цверджанне пра тое, што большасць такіх дастаў ідзе з Беларусі, не адпавядае рэчаіснасці.

Штогод Францыя імпартуе з розных краін каля 2 тыс. тон слімакоў. На Беларусь у гэтым абʼёме даводзіцца толькі каля 3%. Сербія, якую ў эфіры назвалі яшчэ адным актыўным дастаўнікам, сапраўды займае больш заўважнае месца: яе доля ў французскім імпарце слімакоў складае каля 9%. Гэта прыкладна ўтрая больш за беларускую.

Пры гэтым асноўнымі пастаўшчыкамі слімакоў у Францыю выступаюць зусім не Беларусь і не Сербія. Лідаруюць Літва, Турцыя і Румынія. На гэтыя тры краіны даводзіцца каля дзвюх трацін усяго французскага імпарту.

Такім чынам, у эфіры беларускага радыё рэальны факт дастаў слімакоў з Беларусі ператварылі ў моцна перабольшанае цверджанне пра яе нібыта ключавую ролю на французскім рынку. Беларусь сапраўды экспартуе слімакоў у Францыю, але казаць, што менавіта яна забяспечвае большасць дастаў, нельга.