Антыфэйк / фактчэк

16 красавіка

Іван Эйсмант назваў здрадай план, які ў 2020 годзе агучваў сам Лукашэнка

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі абвінаваціў апанентаў улады ў закліках скараціць залежнасць ад расейскіх энерганосьбітаў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 08.04.2026
У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і СБТВ Іван Эйсмант заявіў, што ў 2020 годзе апаненты ўлады прапанавалі адмовіцца ад расейскіх энерганосьбітаў і перайсці на пастаўкі звадкаванага газу з ЗША. Каманда Weekly Top Fake не знайшла такога «плана рэанімацыі Беларусі», але выявіла, што скараціць долю расейскіх нафты і газу ды шукаць альтэрнатыўных дастаўнікаў у той момант заклікаў сам Аляксандр Лукашэнка.

Кантэкст: Перамовы ЗША і Ірану доўжыліся больш за 21 гадзіну і скончыліся безвынікова. Некалькімі днямі раней за некалькі гадзін да пастаўленага ім жа ўльтыматуму Доналд Трамп абвясціў пра часовае перамірʼе. Раней ён патрабаваў, каб Тэгеран да 20:00 аўторка, 7 красавіка, адкрыў Хурмузскую пратоку, пагражаючы ў адваротным выпадку абрынуць на Іран «сапраўднае пекла». Іран на гэта не пайшоў, пасля чаго Трамп заявіў, што пратоку пачнуць блакаваць і вайскова-марскія сілы ЗША. На гэтым фоне нафтавы рынак ліхаманіла: 7 красавіка марка Brent вагалася ў межах $107–110 за барэль, а пасля поўначы звалілася прыкладна да $93, тады як WTI патаннела больш чым на 9% — прыкладна да $92 за барэль.

Абмяркоўваючы наступствы блізкаўсходняга канфлікту і вагання цэн на нафту ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і СБТВ 8 красавіка 2026 года, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант нагадаў, што Беларусь атрымлівае энергарэсурсы з Расеі танней за сусветную цану. А потым загаварыў пра падзеі 2020 году і скрытыкаваў тых, хто, паводле яго словаў, прапанаваў тады змяніць структуру паставак.

«Трэба быць, я не ведаю, пэўна што, здраднікам сваёй Радзімы, каб распрацаваць план рэанімацыі Беларусі, які быў распрацаваны ў 2020 годзе і пададзены апанентамі ўлады, у якім было паказана, што нам трэба адмовіцца ад расейскіх энерганосьбітаў — практычна там было да 40% зменшыць, насамрэч адмовіцца і перайсці на глабальную праграму звадкаванага газу, што дастаўляецца з Злучаных Штатаў Амерыкі. <...> Прыкладна такая ж сітуацыя была і па нафтаправодзе, і па нафце», — заявіў Эйсмант.

Такі «план рэанімацыі Беларусі» з адмовай ад расейскіх энерганосьбітаў і пераходам на амерыканскі ЗПГ каманда Weekly Top Fake не знайшла. Затое знайшла палітыка, які ў 2020 годзе сапраўды публічна казаў пра патрэбу скараціць долю расейскіх паставак да 30–40%.

«Нам трэба ісці да таго, што адсоткаў 30–40 мы будзем купляць нафты ў Расейскай Федэрацыі, адсоткаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць нафту і адсоткаў 30 — праз Украіну, спраўджаны ўжо шлях», — казаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях падвышэння эфектыўнасці рэалізацыі нафтапрадуктаў на экспарт.

Выступ тады паказалі ў тым ліку на тэлеканале «Беларусь 1», які ўваходзіць у сетку Белтэлерадыёкампаніі, якую ўзначальвае Эйсмант.

Гэтыя словы прагучалі ў студзені 2020 года — у разгар нафтавага канфлікту з Расеяй з-за падатковага манеўру, калі бакі не маглі дамовіцца пра цану паставак. Тады Аляксандр Лукашэнка наўпрост казаў пра патрэбу шукаць альтэрнатыву расейскай нафты, каб зменшыць залежнасць ад аднаго дастаўніка і ўзмацніць перамоўныя пазіцыі Менску. Больш за тое, ён адкрыта пералічваў магчымыя крыніцы такіх дастаў, уключна з ЗША:

«Прынятае рашэнне закупіць няхай гэта будзе азербайджанскую, саудаўскую, нарвежскую, амерыканскую — не важна, якую нафту, па сусветных цэнах, паставіць на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы і атрымаць нафтапрадукты з гэтай нафты. То бок з альтэрнатыўных крыніц. Вядома ж, не выключаючы галоўнага нашага дастаўніка — Расейскую Федэрацыю. Сапраўды, цяпер у поўным абʼёме альтэрнатывы няма пастаўкам расейскай нафты. У поўным абʼёме. Але, як мы дамаўляліся, дыверсіфікавацца нам трэба».

У 2020 годзе Лукашэнка казаў пра патрэбу шукаць альтэрнатыву і расейскаму газу, ён называў цану, пастаўленую «Газпромам» для Беларусі, «прымусам да інтэграцыі». Як ён казаў, у Маскве намякалі, што ў замен на адзіныя цэны на энерганосьбіты Беларусь павінна будзе пайсці на цяснейшае збліжэнне з Расеяй.