Кантэкст: Аляксандр Лукашэнка 25-26 сакавіка 2026 года наведаў Паўночную Карэю. Там ён падпісаў Дамову пра сяброўства і супрацу з гэтай краінай, а таксама дзевяць галіновых пагадненняў. Беларусь і КНДР уваходзяць у лік сусветных лідараў па колькасці міжнародных санкцый. Паўночная Карэя займае чацвёртае месца — супраць яе дзее больш за дзве тысячы абмежаванняў. Беларусь знаходзіцца ніжэй у гэтым спісе — каля тысячы. Лідарам антырэйтынгу застаецца Расея, у дачыненні да якой уведзена больш за 24 тыс. санкцый.
Абмяркоўваючы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Пхеньян, палітолаг Андрэй Лазуткін у эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» на Першым Нацыянальным канале Беларускага радыё прадставіў яго як падзею амаль беспрэцэдэнтную.
— Колькі лідараў было ў Паўночнай Карэі замежных за апошнія 30 гадоў? — спытаў ён у вядоўцаў Алены Швайко і Алены Давідовіч у эфіры 26 сакавіка 2026 года.
— Няшмат.
— Ну лічбу назавіце.
— Не ведаю, колькі было…
— Два — Лукашэнка і Пуцін. То бок тое, што нас туды запрасілі, у самую зачыненую краіну, гэта велізарная насамрэч пашана, — заявіў Лазуткін.
Паўночная Карэя сапраўды лічыцца адной з самых зачыненых краін свету. Аднак цверджанне пра тое, што за апошнія 30 гадоў там пабывалі толькі два замежныя лідары, не адпавядае фактам.
Яшчэ ў 2000 годзе ў Пхеньян прыехаў прэзідэнт Паўднёвай Карэі Кім Тэ Чонґ. Ён сустракаўся з Кім Чэн Ірам, і гэты саміт стаў першым за дзесяцігоддзі на такім узроўні. Праз 7 гадоў Паўночную Карэю наведаў і наступны прэзідэнт Паўднёвай Карэі — Но Му Хён. У 2018 годзе ўжо з Кім Чэн Ынам сустрэўся трэці паўднёвакарэйскі лідар. Такім чынам, толькі з боку Паўднёвай Карэі гаворка ідзе ўжо не пра адзін візіт.
Але і гэтым спіс не абмяжоўваецца. У 2019 годзе ў Пхеньяне пабываў старшыня КНР Сі Цзінь Пін. У тым жа годзе прэзідэнт ЗША Доналд Трамп апынуўся на тэрыторыі Паўночнай Карэі ў час сустрэчы з Кім Чэн Ынам у дэмілітарызаванай зоне. Трамп перасек дэмаркацыйную лінію і ненадоўга зайшоў на тэрыторыю КНДР.
Пазней, ужо ў 2025 годзе, Паўночную Карэю наведалі прэзідэнты Вʼетнаму і Лаосу.
Такім чынам, візіт Лукашэнкі ў Пхеньян сапраўды можна лічыць рэдкай падзеяй, але не ўнікальнай у тым сэнсе, як гэта прадставілі ў эфіры беларускага радыё. За апошнія 30 гадоў КНДР прымала не толькі Пуціна і Лукашэнку, але і цэлы шэраг іншых замежных лідараў. Таму тэза пра тое, што запрашэнне ў Пхеньян аўтаматычна робіць беларускага кіраўніка ледзь не абраным госцем, не вытрымлівае праверкі. Гаворка ідзе не пра два візіты за 30 гадоў, а пра куды шырэйшую, хай і абмежаваную, практыку міжнародных кантактаў Паўночнай Карэі.