Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Азаронак знайшоў «нацысцкі след» у імені Ілана Маска — спраўджваем

У гісторыі, на якую спаслаўся вядоўца, сапраўды ёсць слова «Ілан».

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 04.05.2026
Рыгор Азаронак заявіў, што Ілана Маска назвалі ў гонар героя рамана «Праект “Марс”». Яго аўтар Вэрнэр фон Браўн быў сябрам Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі. Каманда Weekly Top Fake праверыла храналогію: імя Ілан з’явілася ў сям’і Маскаў за некалькі дзесяцігоддзяў да публікацыі кнігі. 

Кантэкст: У пачатку траўня 2026 года амерыканскае Міністэрства абароны паведаміла, што ЗША цягам паўгода-года выведуць з Нямеччыны каля 5000 вайскоўцаў. Усяго ў краіне знаходзяцца 36 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў. Паведамленне пра вывад войскаў з’явілася пасля таго, як канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц выказаўся пра вайну ЗША ў Іране. Ён заявіў, што Вашынгтон не зможа скончыць гэтую вайну, таму што ў яго няма стратэгіі перамоваў, а Іран прыніжае яго адмовай ісці на кампраміс. Раней Мэрц таксама казаў пра неабходнасць узмацніць бундэсвэр, каб той быў гатовы да абароны ў любы момант.

У праграме «Азаронак. Наўпрост» 4 траўня 2026 года Рыгор Азаронак звязаў вывад часткі амерыканскіх войскаў з Нямеччыны з небяспечным, на яго думку, узмацненнем варожай для Беларусі Нямеччыны, якую амерыканскія войскі цяпер перастануць стрымліваць. У гэтай жа размове ён заявіў, што ў амерыканскай эліты ёсць прыкметы нацызму, і прывёў у прыклад паходжанне імя Ілана Маска.

— Вельмі рэдкае імя Ілан. Ведаеце, адкуль дзядуля Маска ўзяў гэтае імя? З рамана Вэрнэра фон Браўна. Гэта такі галоўны герой, які там заваёўвае планету Марс. Вось, заваёўвае планету Марс такі вось хлопчык Ілан у рамане Вэрнэра фон Браўна, — сказаў Азаронак.

— Той, які зігуе, так, Рыгор? — удакладніў госць праграмы, палітолаг Андрэй Лазуткін.

— Так, так. Вось бачыце, як усё невыпадкова атрымліваецца.

Вэрнэр фон Браўн сапраўды быў сябрам НСДАП і падчас Другой сусветнай вайны займаўся распрацоўкай ракет для нацысцкай Нямеччыны. Пасля вайны ён пераехаў у ЗША, дзе стаў адным з ключавых удзельнікаў амерыканскай касмічнай праграмы, а таксама пісаў кнігі. У адной з іх — навукова-фантастычным рамане «Праект “Марс”» — сапраўды ёсць слова «Ілан». Але гэта не хлопчык, не галоўны герой і ўвогуле не імя, а тытул кіраўніка марсіянскага ўрада.

У сям’і Маскаў імя Ілан з’явілася задоўга да публікацыі рамана фон Браўна. Ілан Маск у інтэрв’ю расказваў, што яго назвалі ў гонар прадзеда — Джона Ілана Халдэмана. Маці Маска таксама пісала, што яе дзеда звалі менавіта так. Гэтаму ёсць дакументальнае пацвярджэнне.

Крыніца: x.com/mayemusk

Прадзед Маска, якому далі імя Ілан, нарадзіўся ў 1871 годзе. Раман фон Браўна быў апублікаваны толькі ў пачатку 1950-х гадоў. То-бок імя Ілан з’явілася ў сям’і Маскаў за многія дзесяцігоддзі да выхаду кнігі «Праект “Марс”».