Эканоміка з Чалым

30 студзеня

Чаму на МАЗе няма робатаў і калі ў Беларусі вырашаць пабудаваць другую АЭС

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі ўручэнне знака якасці, новы цэх і савецкую эканоміку.

Аляксандр Лукашэнка 21 студзеня наведаў новы цэх Менскага аўтамабільнага завода і распавёў пра новую беларускую традыцыю — уручэнне знака якасці. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоў «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Змест
01:00 Лукашэнка наведаў МАЗ
04:58 Адраджэнне традыцый
07:35 Калі другая АЭС?
09:30 "Мы працуем над стварэннем крыптавалюты"
13:00 Ці пагражае Беларусі высокая інфляцыя?
16:00 Рэальны стан расейскай эканомікі
19:00 Сардэчна запрашаем у стагнацыю

Як ва ўсім свеце, але без робатаў

«Яго (Аляксандра Лукашэнку — рэд.) адправілі ў гэты новы зборачны цэх, які яны пабудавалі [на МАЗе]. Уся навізна яго, як я зразумеў, заключаецца толькі ў тым, што цяпер у іх ёсць адзіны вялікі крыты ангар, дзе яны ўсё і збіраюць. Калі раней, як яны самі прызнаюцца, ім трэба было з розных цэхаў перамяшчаць, <...> то зараз вось гэта галоўная перавага, зараз усё пад адным дахам. 

Расказвае генеральны дырэктар [МАЗа Валерый] Іванковіч: "Ад першага элемента, які мы выражам, да гатовага аўтобуса. <...> Цяпер мы будзем працаваць так, як усе сусветныя кампаніі". А Лукашэнка кажа: пачакайце, а ў іх ва ўсім свеце гэтак жа або робаты ўсё ж такі збіраюць? Пачаў пра нешта здагадвацца Лукашэнка. Не, кажа яму Іванковіч: "Робаты працуюць, калі ёсць дзве вызначальныя ўмовы: аднатыпнасць і аб'ём. Мы гэтае пытанне прадумвалі. Калі мы выйдзем у вузкую прафілізацыю, то ўсталюем робатаў". У перакладзе на рускую мову: у нас пакуль такія аб'ёмы, што робаты занадта дорага. Таму можна лічыць, што зборка МАЗа на гэтым самым цэху — гэта прыкладна як крафтовая праца. Прыкладна як Lamborghini, Ferrari збіраюцца — уручную, не на канвееры нават, а вось на стапелях. Таму Лукашэнка і параўнаў гэтую працу са зборкай самалётаў». 

Ferrari і Lamborghini з МАЗа

«Лукашэнка дайшоў да разважанняў на МАЗе наконт неабходнасці другой АЭС. Ну, яму сказалі, што мы ж яшчэ робім і электрычныя ўсялякія там, і рухавік хутка свой у нас з'явіцца. А ён кажа: ну, клас! "Яшчэ для інвестпраграмы адна тэма — вытворчасць электрарухавікоў, трэба паглыбляцца". Зноў жа, пяцігодка паглыблення. 

Ну і, адпаведна, электрычнасць ніколі не бывае лішняй. Запас кішэню не цягне, як вядома. Незразумела, праўда, куды яны гэтую электрычнасць складаць будуць, так? Таму што гэта такі запас, які, калі ты не ўжыў, то ён, увогуле…

Ужо было інтэрв'ю чалавека з інстытута адмысловага, <...> які сказаў: "Ну, мы, вядома, можам і рухавік свой, можам, увогуле, і батарэю сваю. Але гэта ж, зразумейце, пытанне аб'ёмаў. І наогул, аўтамабільная вытворчасць, як мы цяпер бачым, працуе толькі пры велізарных эфектах маштабу, проста велізарных. Гэта галіна з вельмі маленькай рэнтабельнасцю, дзе трэба проста надзвычай жорсткае кіраванне. Там тое, што называецца Just-in-time inventories (стратэгія кіравання, якая дакладна выбудоўвае пастаўкі сыравіны з вытворчым графікам — рэд.), <...> каб ніякіх затрымак, строга працуе канвеер, кантроль якасці. Тое, што ўвесь свет навучыла рабіць Toyota, умоўна кажучы. <...> А калі не, то тады ў цябе атрымліваецца ў лепшым выпадку спорткар коштам, які набліжаецца да тых жа самых Ferrari і Lamborghini, так?» 

Пра вымпелы і граматы

«Любімая тэма Лукашэнкі прыкладна да 30 года кіравання — гэта традыцыі. Аказваецца, гэта традыцыя — уручэнне сімвалаў дзяржаўнага знака якасці. Вось яны летась яго прыдумалі і цяпер нарэшце ўручылі. Кажа [Аляксандр Лукашэнка]: "Роўна год таму ён быў заснаваны". І вось такая вось традыцыя. Упершыню ўзнагароджваем — гэта ўжо традыцыя. 

Вось усё ж такі, калі ты савецкі чалавек, то гэта... Можна вывесці чалавека з Савецкага Саюза, але немагчыма вывесці Савецкі Саюз з чалавека. Мэта адроджанай традыцыі — стварыць механізм унутранай канкурэнцыі. Ну, гэта значыць, калі рынку мы наеліся, значыць ён ніколі ў нас нічога не вырашаў, таму што мы яму не давалі гэтага нічога вырашаць. Наша задача — зрабіць усё гэтак жа, як было б пры рынку, але каб рынку не было. 

То тады, натуральна, ніякіх іншых рэчаў, як паліятыў і адраджэнне сацыялістычнага спаборніцтва — вымпелы, граматы і іншае ўсё гэта глупства, якое было ў Савецкім Саюзе. У Савецкім Саюзе, калі яго ўкаранялі, у ім быў хаця б нейкі сэнс. Таму што тады цэны ж вызначаліся і яны дзесяцігоддзямі не мяняліся, а наяўнасць знака якасці дазваляла даць надбаўку 10% да цаны. Але зараз жа і гэтага няма». 

Атамная эра ў Беларусі

«І вось, нарэшце, намеснік міністра [энергетыкі] Дзяніс Мароз распавёў, калі можа быць прынята рашэнне пра будаўніцтва другой АЭС. Не ці будзе яно прынята, а калі! Ну ці трэцяга энергаблока. Атамная эра для нашай краіны наўрад ці спыніцца толькі на беларускай АЭС. Будзе яшчэ нейкая новая беларуская. 

"У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы, Міністэрствам энергетыкі праводзіцца дастаткова карпатлівая, скрупулёзная праца па тэхніка-эканамічным абгрунтаванні будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі альбо яшчэ аднаго блока на пляцоўцы Беларускай АЭС", — [сказаў Мароз]. І мы ж разумеем, што яна сапраўды карпатлівая і скрупулёзная, таму што табе трэба абгрунтаваць бессэнсоўнае глупства правадыра з дапамогай нейкіх вылічэнняў, падагнаць неяк. Гэта значыць, калі ў нас цяпер лішак электраэнергіі, а мы пабудуем яшчэ адну электрастанцыю, значыць табе трэба спрагназаваць рост энергаспажывання такім чынам, каб, як Лукашэнка сказаў, яна ніколі лішняй не будзе, і запас кішэню не цягне, і гэтак далей. "Тэрміны, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, — гэта 2025 год"».