Журналістаў Temirov Live затрымалі 16 студзеня пасля ператрусаў па артыкуле аб закліках да масавых беспарадкаў. У прэс-службе МУС растлумачылі, што «падчас маніторынгу інтэрнэт-прасторы, на старонках [сайтаў выданняў] "Айт Айт Дэсе" і "Тэміраў Live" выяўленая інфармацыя», якая «змяшчае прыкметы заклікаў да акцый пратэсту і масавых беспарадкаў». Прадстаўнікі медыя знаходзяцца пад вартай ужо амаль два месяцы.
Вызваліць журналістаў заклікаюць мясцовыя і замежныя СМІ, у тым ліку партнёры БРЦ OCCRP, а таксама праваабарончыя арганізацыі. Прадстаўніца Amnesty International Мэйсі Вейчэрдынг (Maisy Weicherding) запатрабавала ад уладаў Кыргызстану «спыніць рэпрэсіі супраць іншадумства і неадкладна і безумоўна вызваліць гэтых журналістаў і ўсіх іншых, каго кінулі за краты выключна за свабоднае выказванне сваіх поглядаў і ідэй».
Кыргызскія журналісты падкрэсліваюць, што праблема абмежавання свабоды слова актуальная для ўсіх рэдакцый навін і медыйных арганізацый у краіне. Ім даводзіцца працаваць ва ўмовах надзвычайнага ціску. Да прыкладу, выданню Kloop загадалі зачыніцца, у офісах 24.kg прайшлі ператрусы, сілавікі канфіскавалі абсталяванне.
Усяго ў свеце, паводле звестак справаздачы «Рэпарцёраў без межаў», на канец 2023 года за кратамі знаходзіўся 521 журналіст. Беларусь заняла трэці радок у рэйтынгу па колькасці арыштаваных супрацоўнікаў медыя — у снежні мінулага года іх налічвалася 39 чалавек.