Навіны Сёння

Атачэнне Шэймана і ўдзельнікаў выкрадання Котава звязвае адзін менскі адрас

Кампаніі з двух расследаванняў БРЦ перасякаюцца ў адным будынку на Смаленскай у Менску.

БРЦ знайшоў сувязь паміж атачэннем Віктара Шэймана і людзьмі, датычнымі да выкрадання беларускага апазіцыйнага палітыка Анатоля Котава. Новы беларускі спецэкспарцёр «ГрандСпецТрэйдынг», звязаны з былым падначаленым Шэймана, зарэгістраваны ў будынку кампаніі «БТС Глобал». Яе ўладальнік і сама кампанія звязаныя з удзельнікамі аперацыі па выкраданні Котава і яхтай, на якой яго вывезлі з Турцыі.

Гандляры зброяй пад адным дахам

Згодна з атрыманымі БРЦ дакументамі, будынак на вуліцы Смаленскай, 52А у Менску, дзе зарэгістраваны новы беларускі спецэкспарцёр «ГрандСпецТрэйдынг», належыць кампаніі «БТС Глобал». Абедзве фірмы раней фігуравалі ў розных расследаваннях БРЦ: «ГрандСпецТрэйдынг» звязаны з людзьмі з атачэння Віктара Шэймана, а «БТС Глобал» уваходзіць у сетку вакол удзельнікаў аперацыі па выкраданні беларускага палітыка Анатоля Котава. Новыя дакументы ўпершыню злучаюць гэтыя дзве лініі.

У чэрвені 2026 года БРЦ распавёў пра людзей і кампаніі, звязаныя са знікненнем Котава. У жніўні 2025-га ён прыляцеў з Польшчы ў Турцыю і сеў на яхту Shells у порце Трабзона. Судна накіравалася да ўзбярэжжа Абхазіі, дзе на яго борт падняліся расейскія памежнікі ФСБ і вывезлі Котава. З таго часу яго месцазнаходжанне невядомае. Большасць удзельнікаў той паездкі былі звязаныя з сеткай, у цэнтры якой — беларускі ветэран спецслужбаў і гандляр зброяй Юрый Серых. У яе ўваходзяць у тым ліку «БТС Глобал» і былыя супрацоўнікі КДБ і Аператыўна-аналітычнага цэнтру.

Пра «ГрандСпецТрэйдынг», зарэгістраваны цяпер у будынку, што належыць «БТС Глобал», БРЦ таксама распавядаў раней. Кампанію стварылі ў лістападзе 2025 года, а ўжо праз тры месяцы, 16 лютага 2026-га, яна атрымала статус спецэкспарцёра. Ён дае права працаваць у тым ліку з прадукцыяй вайсковага прызначэння. «ГрандСпецТрэйдынг» стаў чацвёртай дзейнай арганізацыяй у Беларусі з такім статусам.

БРЦ усталяваў, што да рэгістрацыі кампаніі быў датычны Аляксандр Юрачкін, звязаны з атачэннем Віктара Шэймана. У размовах з журналістам БРЦ Юрачкін указаў на Уладзіміра Скулаўца як на чалавека, з якім лепш абмяркоўваць супрацу з «ГрандСпецТрэйдынгам». Абодва былі звязаныя з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта, калі яго ўзначальваў Віктар Шэйман.

Юрачкін з 2011 прынамсі па 2024 год працаваў на прадпрыемстве Кіраўніцтва справамі «Беларусьторг», а з 2021-га — і ў «Вектар Капітал Груп», якую лічаць часткай бізнес-імперыі Шэймана. Скулавец служыў у Галоўным штабе Узброеных сілаў, працаваў у «Белспецзнештэхнiцы», а ў 2020—2022 гадах быў памочнікам кіраўніка справамі прэзідэнта. Каля паўтара года ён працаваў на гэтай пасадзе непасрэдна пры Шэймане. Пазней Скулавец таксама перайшоў у «Вектар Капітал Груп».

Трэці не лішні

У будынку на Смаленскай, 52А ёсць яшчэ адна сувязь з героямі папярэдніх расследаванняў БРЦ. Раней на гэтай тэрыторыі размяшчаліся аўтамайстэрні. Мяркуючы па архіўных фотаздымках, да 2019 года будынак прыйшоў у заняпад. У 2020-м «БТС Глобал» набыла яго ў кіпрскай Nord Group. На здымках 2023 года бачна, што цагляны будынак адрамантавалі, а тэрыторыю вакол добраўпарадкавалі.

Крыніца: Яндекс Карты. Смаленская, 52А, 2019 год
Крыніца: Яндекс Карты. Смаленская, 52А, 2023 год
0 / 2

Nord Group раней таксама ўдзельнічала ў здзелках з вядомай як зброевы экспарцёр кампаніяй і была звязаная з людзьмі з расследавання пра знікненне Анатоля Котава. У 2014 годзе беларускі экспарцёр узбраенняў «Белтэхэкспарт» прапанаваў Міністэрству абароны Іраку кампанію Nord Group у якасці фінансавага агента, які мае прыняць плацяжы на свой рахунак.  

У беларускім прадстаўніцтве Nord Group працавалі Віталь Бірын і Віталь Куган. Бірын быў знаёмы і з Котавым, і з Юрыем Серых. У 2015-м ён суправаджаў Котава і жонку Серых падчас паездкі ў Літву, а пазней разам з самім Серых удзельнічаў у цырымоніі хрышчэння дзіцяці. Куган, у сваю чаргу, атрымліваў грошы ад грамадзяніна Расеі Юрыя Галаванава — аднаго з удзельнікаў паездкі Котава на яхце Shells. У 2015—2016 гадах Галаванаў пераводзіў яму ад $600 да $1000 як мінімум раз на два месяцы.

Журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «БТС Глобал» і «ГрандСпецТрэйдынг» — кіраўнікі кампаній пачуўшы, з кім размаўляюць, сказалі «Да пабачэння». На пісьмовыя запыты на момант публікацыі адказы не паступілі.

Іншыя Навіны
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць