Навіны з Чалым 07 сакавіка Чаму Трамп захапляецца Пуціным і каго больш баіцца Кангрэс ЗША

Прэтэнзіі Вэнса, (не)магутныя інстытуты ЗША і ціск на суд — разбор апошніх навін з Сяргеем Чалым.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп праводзіць чысткі дзяржапарату і ў судовай сістэме, а каманда Ілана Маска інспектуе выдаткі бюджэту Злучаных Штатаў. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Змест
00:00 Падзеі за акіянам
01:05 Тыранія судовай сістэмы
01:40 Трамп – гэта закон
06:00 Трамп, Пуцін і Зяленскі
07:40 Еўрапейцы пераўзбройваюцца
09:00 Трамп – майстар заключэння здзелак
10:18 Лукашэнка: "Вось там, у Амерыцы, мяне не хапае"

Мандат на надзвычайныя меры і чысткі дзяржапарату

«Аўтарытарныя імкненні Трампа да аднаасобнага кіравання і ліквідацыі ўсялякіх механізмаў дэмакратычных стрымак і проціваг былі прадэманстраваны максімальна наглядна. І я папярэджваў, якія метады для гэтага будуць выкарыстоўвацца. Першае — рыторыка пра нейкі мандат, атрыманы ад народу, на надзвычайныя захады. І гэта менавіта рыторыка, таму ў рэчаіснасці гэты мандат далёка не робіць уражання. Трамп перамог ледзь не з мінімальным адрывам за апошнія паўтара стагоддзя. З гэтага вынікае нежаданне або няздольнасць займацца законатворчасцю і правядзеннем сваіх ініцыятыў праз парламент на карысць кіравання з дапамогай прэзідэнцкіх указаў. У сваю чаргу, апошнія набываюць усё больш незаконны або неканстытуцыйны характар, як спосаб тэставання межаў дапушчальнага. Ну і ў выпадку, калі гэтыя ініцыятывы блакуюцца судамі, пачынаецца ціск на суд — персанальныя пагрозы і нападкі на незалежнасць судовай сістэмы.

Як напісаў у твітары падручны Трампа Ілан Маск: “Калі любы суддзя можа заблакаваць прэзідэнцкі ўказ, дзе заўгодна, у нас няма дэмакратыі. У нас тыранія судовай сістэмы".

Чысткі дзяржапарату пад выглядам павышэння яго эфектыўнасці. Прычым зверху данізу. Ад федэральных работнікаў да чыноўнікаў трампаўскага кабінета, зацверджаных Кангрэсам. Колькі б нам ні распавядалі пра сапраўдную мерытакратыю (праўленне годных — рэд.), якая стане магчымай з прыходам да ўлады Трампа, усё, што мы бачым — гэта прызначэнне людзей гэтак жа дэманстратыўна некампетэнтных, колькі і дэманстратыўна адданых асабіста Трампу». 

Кангрэс баіцца Трампа больш, чым выбарнікаў

«Хакерскі захоп сістэмы дзяржаўных выдаткаў праводзіцца камандай DOGE (Дэпартамент эфектыўнасці ўраду, створаны Дональдам Трампам пасля абрання на пасаду прэзідэнта — рэд.) Ілана Маска і мае на мэце разбурыць гэты інстытут стрымак і проціваг. Пры гэтым з'яўляецца велізарная колькасць хлусні аб парушэннях, якія яны нібыта знайшлі. І ў гэтым сэнсе барацьба за эфектыўнасць апынулася абуральна неэфектыўнай. Але затое яна з'яўляецца эфектыўнай у дасягненні сваёй сапраўднай мэты. 

Група нікім не абраных спецыялістаў атрымала поўны доступ чытаць і рэдагаваць усе фінансавыя трансакцыі дзяржавы. Ад сацыяльных выплат да абаронных кантрактаў. Гіганцкі канфлікт інтарэсаў тут ужо нікога не бянтэжыць, з улікам таго, што Маск сам з'яўляецца найбуйнейшым рэцыпіентам дзяржаўных кантрактаў. У агульнай складанасці Маск атрымаў ад ураду ЗША не менш як $38 млрд.

І якая ж рэакцыя самога Кангрэса на замах на яго паўнамоцтвы? Бо нам жа аналітыкі рэгулярна распавядалі пра тое, якія ў ЗША магутныя інстытуты, якія могуць супрацьстаяць аўтарытарным тэндэнцыям. Як калі б гэтыя інстытуты былі чымсьці безасабовым і механічным. Пры гэтым ужо цяпер мы бачым па паводзінах рэспубліканскіх кангрэсменаў, што яны лічаць уласных выбарнікаў меншай пагрозай іх крэслу, чым гнеў Трампа і пагроза Маска фінансаваць іх канкурэнтаў на выбарах».

Пра карані захаплення Пуціным, Эрдаганам і Кім Чэн Ынам

«І гэта не выпадковасць, што рэцэпты ўстанаўлення аднаасобнай улады, у прынцыпе, усюды аднолькавыя. Гэта не вынік нейкіх апартуністычных дзеянняў, а следства досыць спецыфічнага і даволі стройнага светапогляду, згодна з якім гісторыя дзеецца моцнымі асобамі, абранымі вышэйшымі сіламі для выратавання сваёй краіны. І таму непадсуднымі суду чалавечаму, а толькі суду гісторыі.

Як працытаваў Напалеона Трамп: "Той, хто ратуе краіну, не парушае закон". Таму цалкам лагічна, што гэты светапогляд фармуе не толькі ўнутраную, але і вонкавую палітыку. Дзе свет — гэта арэна дзеяння кіраўнікоў, якія строяць з сябе стронгмэнаў. Вось тут закладзены карані захаплення Трампа Пуціным, Эрдаганам, Кім Чэн Ынам. Гэта яго ролевыя мадэлі». 

Гопніцкія прад’явы і іх сапраўдная мэта

«Літаральна праз дзень пасля сустрэчы ў Авальным кабінеце лідары Еўропы сабраліся на альтэрнатыўны саміт NATO пры ўдзеле Зяленскага і без удзелу Трампа. Што там абмяркоўвалася? Неабходнасць пераўзбраення Еўропы, ваенная падтрымка Украіны і стварэнне кааліцыі дзяржаў для абароны міру і гарантый бяспекі Украіне.

Наступная нервовая рэакцыя ЗША, таго ж Вэнса, у духу "якога чорта нейкія трэція краіны ўмешваюцца ў міжсабойчык ЗША і Расеі", сведчыць пра тое, што мюнхенская прамова Вэнса была такім жа гопніцкім наездам, як і яго эскапады ў Авальным кабінеце. Многія адбельвальнікі Трампа апраўдвалі хамскі выступ Вэнса ў Мюнхене неабходнасцю прымусіць еўрапейскія краіны браць на сябе адказнасць за сваю бяспеку і больш выдаткоўваць на абарону.

Ну вось роўна гэта і здарылася. Чым вы незадаволеныя? А незадаволеныя таму, што любая гопніцкая прад'ява не мае змястоўнага сэнсу. Яе мэта — усталяванне іерархіі».