Антыфэйк / фактчэк 19 лістапада

Версія Васкрасенскага пра тройку сусветных лідараў па суіцыдах не супала з рэальнасцю

Еўропа ці Азія з Афрыкай?

Першая тройка краін па колькасці самагубстваў на душу насельніцтва — гэта Літва, Латвія і Паўднёвая Карэя, распавёў у эфіры праграмы «Азаронак. Наўпрост» палітолаг Юрый Васкрасенскі. Журналісты Weekly Top Fake параўналі яго рэйтынг з афіцыйным і знайшлі адрозненні. 

Літоўскую і латвійскую «безнадзейнасць» вядоўца Рыгор Азаронак і палітолаг Юрый Васкрасенскі абмеркавалі ў праграме «Азаронак. Наўпрост» 10 лістапада 2025 года. 

«Народ співаецца, народ з'язджае. І калі якая мярзота змагарская, навальнісцкая ці бандэраўская ў каментарах адкрые свой рот, то мы яго прыпячатаем аб'ектыўнай навукай — статыстыкай. Хто і якая краіна знаходзіцца цяпер на першым месцы па колькасці самагубстваў на душу насельніцтва? Гэта Літва. Вы будзеце ў шоку: першая тройка — гэта Літва, Латвія, Паўднёвая Карэя», — падзяліўся нібыта афіцыйнымі дадзенымі палітолаг. 

Каманда Weekly Top Fake вывучыла апошнія дадзеныя Сусветнай арганізацыі 

здароўя (САЗ) — за 2021 год — і высветліла, што Васкрасенскі памыліўся. Сапраўды, у тройцы краін-лідараў па ўзроўні самагубстваў ёсць Паўднёвая Карэя — яна займае другое месца з паказнікам 27,5 суіцыду на 100 тысяч чалавек. Але Літвы і Латвіі сярод лідараў няма. На першай і другой пазіцыі дзяржавы з Паўднёвай Афрыкі — Лесота і Эсватыні.

Для складання рэйтынгу САЗ ацэньвае больш за 180 краін і тэрыторыяў. Літва сярод іх знаходзіцца на восьмым радку з паказнікам 22,1 чалавека на сто тысяч. З еўрапейскіх краін яна — першая ў спісе. Але Васкрасенскі не сказаў, што за ёй ідуць Расея і Украіна, іх паказнік самагубстваў толькі трохі ніжэй — 21,4 і 21,2 адпаведна. 

Латвія ж у сусветным рэйтынгу знаходзіцца на 26 месцы, на адзін радок адстаючы ад Беларусі. У нашай краіне на сто тысяч чалавек даводзіцца 15,6 самагубства.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць