Антыфэйк / фактчэк Сёння

Еўропа больш не можа сябе пракарміць? У ТАСС перабольшылі наступствы спёкі для харчавання ЕЗ

Калумніст агенцтва напісаў, што «збожжа, алей, віно, цукар — чатыры слупы еўрапейскага аграэкспарту — ператварыліся ў зоны бедства».

Калумніст ТАСС заявіў, што праз спёку Еўразвяз нібыта больш не здольны пракарміць сябе і будзе вымушаны імпартаваць харчаванне. Але статыстыка па ключавых прадуктах гэтага не пацвярджае. Нават пры зніжэнні ўраджайных прагнозаў Еўразвяз застаецца самазабяспечаным па пшаніцы, цукар закупляў за мяжой і да спёкі, а праблемы вінаробаў не азначаюць краху экспарту.

Кантэкст: Улетку 2026 года Еўропу ахапіла анамальная спёка. 14 жніўня Bloomberg паведаміў, што яна можа звесці на нішто амаль увесь прагназаваны рост ВУП Еўразвязу і абысціся эканомікам ЕЗ прыкладна ў €180 млрд. Праз засуху і спёку адбываюцца смяротныя пажары: яны ўжо выпалілі больш за 490 тыс. гектараў — амаль у 2,5 разу больш за сярэдні паказнік за такія ж перыяды апошніх 20 гадоў. Абмялеў Рэйн — адна з галоўных транспартных артэрыяў Еўропы, загінулі больш за 25 тыс. чалавек, а ў многіх рэгіёнах з чэрвеня амаль не было дажджоў.

10 жніўня 2026 года ў ТАСС выйшла калонка кіраўніка Цэнтру міжнароднага аграбізнесу і харчовай бяспекі (РАНХиГС) Анатолія Ціханава. Ён сцвярджаў, што санкцыі супраць Расеі шкодзяць Еўразвязу, таму што спёка нібыта пазбавіла ЕЗ магчымасці забяспечваць сябе харчаваннем.

«Кліматычны маятнік хіснуўся з той амплітудай, якая не пакідае месца для ўмоўнага ладу: бабулька Еўропа больш не ў стане сябе пракарміць. І гэта не эмацыйная метафара, а жорсткая арыфметыка харчовых балансаў.

Збожжа, алей, віно, цукар — чатыры слупы еўрапейскага аграэкспарту — ператварыліся ў зоны бедства», — напісаў Ціханаў.

Паводле яго версіі, Еўразвязу давядзецца імпартаваць пшаніцу, а экспарт алею, віна і цукру скароціцца. Гэта, сцвярджаў аўтар, прывядзе да росту цэн і пакажа слабасць усёй харчовай сістэмы ЕЗ.

«Еўрапейская спёка 2026 года — гэта не столькі надвор’евая з’ява, колькі сістэмны стрэс-тэст для харчовай архітэктуры, выбудаванай заходнімі элітамі пад уласныя патрэбы. Гэты тэст яны правальваюць», — гаворыцца ў калонцы.

Але выснова пра харчовы правал Еўразвязу не пацвярджаецца статыстыкай. Пачнём з цукру. Паводле дадзеных Еўракамісіі, ЕЗ гістарычна з’яўляецца нета-імпарцёрам цукру: то бок закупляе яго за мяжой больш, чым прадае. Гэта не навіна 2026 года і не наступства цяперашняй спёкі — такая сітуацыя існавала і раней.

Аргумент пра аліўкавы алей — перабольшанне. Яго цяжка назваць адным з чатырох слупоў еўрапейскага аграэкспарту. Агульная экспартная выручка аграхарчовага сектару ЕЗ перавышае €200 млрд. У 2025 годзе экспарт алівак і аліўкавага алею прынёс ЕЗ €6 млрд, або 2,5% ад усяго аграхарчовага экспарту за межы саюзу.

З пералічаных у калонцы прадуктаў да сапраўды буйных экспартных пазіцыяў ЕЗ можна аднесці пшаніцу і віно. Але і па іх карціна не падобная да харчовага калапсу. Аўтар ТАСС сцвярджаў, што Еўразвяз рызыкуе страціць статус экспарцёра пшаніцы:

«Чэрвеньскі прагноз ФАО яшчэ маляваў збор пшаніцы ў ЕЗ на ўзроўні 136,2 млн т. Аднак ліпеньскае пекла перакрэсліла гэтыя чаканні: жнівеньскі кансэнсус галіновых экспертаў адводзіць ураджай пшаніцы глыбока пад псіхалагічную адзнаку ў 120 млн т».

ФАО — Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН — у апошнім прагнозе не мяняла гэтую ацэнку: чакаецца, што ЕЗ збярэ крыху больш за 136 млн тон пшаніцы. Еўракамісія дае больш нізкі прагноз — каля 125 млн тон. Але і гэта не катастрофа, а ўзровень 2022—2023 гадоў. Ён таксама вышэйшы, чым у 2020-м і 2024-м. У тыя неўраджайныя гады голаду ў Еўразвязе не было.

Далей у калонцы гаворыцца:

«Яшчэ ўчора звяз меў камфортны экспартны лішак, цяпер жа ён ушчыльную падышоў да мяжы, за якой патрэбная імпартная падпорка».

Насамрэч ЕЗ заўсёды, незалежна ад ураджаю, дакупляў частку пшаніцы за мяжой. Звычайна гаворка ідзе пра 2–6 млн тон за год, а ў неўраджайныя гады, напрыклад у сезоне 2022/23, — амаль пра 10 млн тон. Але прадаваў сваёй пшаніцы Еўразвяз нязменна ў разы больш, чым купляў: па 25–30 млн тон штогод пачынаючы з 2012 года. Так было і ў засушлівыя сезоны. Таму нават самыя песімістычныя прагнозы па цяперашнім ураджаі не азначаюць краху харчовай бяспекі ЕЗ. Паказнік самазабяспечанасці Еўразвязу па мяккай пшаніцы ўсе гэтыя гады заставаўся вышэйшы за 100%. Іншымі словамі, ЕЗ вырабляў больш, чым спажываў.

Важная і яшчэ адна дэталь: Расея не была галоўным пастаўшчыком збожжа для Еўразвязу. У 2021 годзе на яе прыпадала 5,8% збожжавага імпарту ЕЗ, тады як на Украіну — 37,1%.

З віном сітуацыя сапраўды складанейшая. Мінулы год быў адным з самых слабых для вінаробаў за апошнія дзесяцігоддзі, і спёка гэтага лета не абяцае хуткага аднаўлення. Але цяжкасці з ураджаем не азначаюць абвалу экспарту. За межы ЕЗ стабільна ідзе каля 20% вырабленага віна — незалежна ад ураджайнасці. Каля 15 гадоў таму экспартная доля была нават ніжэйшая: у 2011—2012 гадах экспарт складаў каля 15% вытворчасці, а ў 2007-м — менш за 10%.

Вынік такі: па пшаніцы ў ЕЗ бывалі і слабейшыя ўраджаі, але самазабяспечанасць не апускалася ніжэй за 100%. Па віне ёсць праблемы з вытворчасцю, аднак устойлівага абвалу экспарту статыстыка не паказвае. Цукар Еўразвяз і раней закупляў за мяжой. А аліўкавы алей нельга назваць адным з галоўных слупоў еўрапейскага аграэкспарту. Спёка ў Еўропе сапраўды стала сур’ёзным кліматычным і эканамічным ударам. Але выснова пра тое, што Еўразвяз больш не здольны сябе пракарміць і праз спёку будзе вымушаны закупляць харчаванне за мяжой, моцна перабольшаная. Статыстыка не пацвярджае ні краху харчовай сістэмы ЕЗ, ні залежнасці ад расейскага збожжа.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Антыфэйк / фактчэк Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Вядоўца СТБ патлумачыў, чаму, на ягоную думку, украінскім уладам варта перастаць «мачыць, знішчаць, гнабіць» царкву Маскоўскага патрыярхату.
17 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць