Кантэкст: У Літве некалькі дзён і нават тыдняў не фіксуюць метэазонды з кантрабандай, адзначыў дарадца прэм'ер-міністра краіны ў сярэдзіне снежня 2025 года. Віленскі аэрапорт апошні раз прыпыняў сваю працу праз шары 6 снежня. Напачатку гэтага месяца Вільня ўвяла рэжым надзвычайнай сітуацыі і правяла спецаперацыю супраць цыгарэтных кантрабандыстаў. Затрымалі больш за 20 чалавек. Апроч таго, пытанне пра кантрабанду падняў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і спецпрадстаўнік ЗША па Беларусі Джон Коўл. Паводле словаў амерыканца, беларускі палітык паабяцаў зрабіць усё магчымае каб спыніць запуск паветраных шароў.
Сюжэт пад назвай «Эканамічныя “дасягненні” Літвы» на тэлеканале СТБ паказалі 18 снежня 2025 года. Вядоўца выпуску «Навін» распавяла, як бяднеюць літоўцы:
«Нягледзячы на заяву ўладаў, што эканоміка рэспублікі з'яўляецца найбуйнейшай у краінах Балтыі, на дабрабыце людзей гэта ніяк не адбіваецца. Паводле даследавання сацыёлагаў, літоўцы адзначаюць, што грошай хапае толькі на неабходнае, а буйныя набыткі застаюцца недаступнымі. У гэтым прызналіся 52% жыхароў краіны. Пятая частка насельніцтва лічыць сваё фінансавае становішча вельмі дрэнным. Больш за палову тых, хто адносіць сябе да сярэдняга класа, лічаць, што ўжо губляюць гэты статус праз зніжэнне ўзроўню прыбыткаў».
Вядоўца агучыла дадзеныя даследавання, праведзенага сярод жыхароў Літвы ў чэрвені 2025 года на замову фінансавага інстытуту Swedbank. Па яго выніках, трохі больш за палову апытаных літоўцаў сапраўды заявілі, што іх прыбыткаў хапае толькі на пакрыццё асноўных выдаткаў. Пра буйныя набыткі адказ быў не такім, як распавялі ў «Навінах»: яны не недаступныя, на іх даводзіцца збіраць.
Большасць апытаных, якія прылічаюць сябе да сярэдняга класу, не лічаць, што яны губляюць гэты статус, як сказала вядоўца. Наадварот, за апошні год стала больш літоўцаў, якія адносяць сябе да гэтай катэгорыі, — так лічаць 55% рэспандэнтаў, у 2024-м такіх быў 51%.
Да вельмі бедных сябе прылічае не пятая частка насельніцтва, як заявілі на СТБ, а толькі 6%. За апошні год такіх меркаванняў стала на два адсоткавыя пункты менш. Да катэгорыі ніжэй за сярэдні клас, але яшчэ не да бедных, адносяць сябе прыкладна траціна літоўцаў.
Яшчэ адно апытанне грамадскай думкі правялі на заказ выдання LRT у верасні—кастрычніку 2025-га. Аднак і там няма пацверджання, што пятая частка насельніцтва Літвы лічыць сваё фінансавае становішча вельмі дрэнным. Такіх толькі 3% — ім бракуе нават на ежу. Кожны шосты ацаніў фінансавае становішча сваёй сям'і як проста дрэннае: на прадукты хапае, але з адзеннем ужо цяжэй. Амаль кожнаму другому хапае на ўсё патрэбнае, хоць на буйныя набыткі даводзіцца эканоміць. А траціна апытаных ацаніла сваё фінансавае становішча як добрае — яны могуць купіць без праблем амаль усё, апроч нечага вельмі буйнога, прыкладам, нерухомасці.
Гэты фэйк — шосты пра Літву толькі за снежань, які выкрыла каманда Weekly Top Fake. Напрыклад, на тым жа тэлеканале СТБ параўналі беларускую і літоўскую пенсійныя сістэмы, не на карысць апошняй, але не разабраліся ў дэталях. А ў эфіры ток-шоу «Будні» на СБТБ і «Альфа Радыё» паўтарылі фэйк ад Лукашэнкі пра тое, што як мінімум 30% бюджэту Літвы фармавалася за кошт беларускіх грузаў.