Кантэкст: Латвія ў 2026 годзе цалкам закрые аўтобусны рух з Беларуссю. З 1 лютага перасталі хадзіць рэйсы з Рыгі да Віцебску. З 27 лютага — не будуць ездзіць да Менску, а з 28 чэрвеня — да Гомля. Перавознікам не падаўжаюць ліцэнзіі на рэгулярныя маршруты. Абмежаванне закранула і экскурсійныя рэйсы. Міністэрства транспарту абгрунтавала гэта пагрозай нелегальнай міграцыі, вербавання з боку беларускіх спецслужбаў і агулам бяспецы вандроўнікаў.
Пра тое, што «улады Латвіі гатовыя ваяваць нават з несапраўдным ворагам, а з уласнымі грамадзянамі», а «урад пачаў наступ на асабістую ўласнасць людзей», вядоўца «Навін» на СТБ Вікторыя Маркевіч паведаміла ў эфіры 27 студзеня 2026 года:
«Жыхары прымежных з Беларуссю і Расеяй раёнаў сталі атрымліваць паведамленні пра канфіскацыю земляў. Каля 2 тысяч гектараў неабходныя для будавання Балтыйскай лініі абароны. Яе ствараюць сумесна з Літвой і Эстоніяй. Ужо забралі каля 400 зямельных надзелаў, агульнай плошчай 350 гектараў. З іх 77% — прыватная ўласнасць. І гэта толькі пачатак. Усяго, паводле дадзеных медыяў, свае землі могуць страціць больш паўтары тысячы грамадзянаў. Ці атрымаюць яны кампенсацыю — невядома».
Насамрэч, вядома. Прадстаўнікі латвійскага Мінабароны заявілі, што зямлю выкупяць па рынкавай цане і кампенсуюць усе выдаткі яе ўласнікам, у тым ліку страты фермераў за ўраджай на гэтых надзелах.
У Рызе палічылі, што ўжо ўсталяваныя супрацьтанкавыя вожыкі і «зубы цмока» (супрацьтанкавыя надлобы) — недастатковая захада ў выпадку нападу, таму мяжу хочуць узмацніць супрацьтанкавымі мінамі і іншымі ўмацаваннямі. Увесь гэты абарончы комплекс расцягнецца на 30 км углыб мяжы. Гэты праект назвалі Балтыйскай лініяй абароны на мяжы з Беларуссю і Расеяй.
Для будавання Міністэрства абароны збіраецца выкарыстаць каля паўтары тысячы зямельных надзелаў. Аднак проста выняць зямлю забараняе Канстытуцыя Латвіі, дзе прапісана, што ў такіх выпадках належыць справядлівае кампенсаванне. Таксама ў заканадаўстве прапісана права на справядлівую кампенсацыю, з улікам рынкавага кошту і страт уласніка.
Падобная працэдура адбываецца пры будаванні чыгуначнай магістралі Rail Baltica, якая звяжа краіны Балтыі з Польшчай. Па сфармаванай практыцы людзям прапануюць кампенсацыю, а калі яны з ёю не згодныя, то ідуць у суд.
Апроч беларускага тэлебачання чуткі пра тое, што зямлю забяруць без кампенсацыі, распускалі мясцовыя нячыстыя на руку прадпрымальнікі. Як паведамлялі латвійскія медыі, яны пераконвалі ў гэтым людзей, якія не маюць поўнай інфармацыі і дрэнна ведаюць законы, і выкуплялі іх надзелы за капейкі.