Антыфэйк / фактчэк Сёння

Ні гірляндаў, ні кірмашоў. Як на СТБ раздулі эканамічны крызіс у Нямеччыне праз святочную ілюмінацыю

У Дрэздэне, Магдэбургу і Швельме сапраўды менш агеньчыкаў, чым планавалася, але прычыны не эканамічныя.

Нямеччына праз эканамічныя праблемы засталася без святочнай ілюмінацыі, паведаміла ў праграме «Навіны» вядоўца СТБ. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што насамрэч стала з калядным падсвятленнем. 

Кантэкст: У Менску на Кастрычніцкай плошчы ўсталявалі галоўную навагоднюю елку краіны. Вышыня канструкцыі — 30 метраў. Яе ўпрыгожылі трохкіламетровай піксельнай гірляндай. Усяго ў сталіцы паставяць 28 гарадскіх елак і павесяць 12 тысяч гірляндаў. 

На фоне прыгатавання да святаў вядоўца праграмы «Навіны» на тэлеканале СТБ Анастасія Лаўрынчук 2 снежня 2025 года распавяла, што Нямеччына праз эканамічныя праблемы будзе сустракаць Новы год без ілюмінацыі. 

«У нямецкіх гарадах скарачэнне навагодняга падсвятлення вуліц стала масавай з'явай праз бюджэтныя праблемы. Асноўнай прычынай крызісу называюць рост выдаткаў на электраэнергію ўзімку і адсутнасць сродкаў у муніцыпалітэтаў. Так, у Дрэздэне асвятленне скасавалі цалкам, Магдэбург змушаны ўкласці грошы, вылучаныя на ілюмінацыю, у рамонт мастоў. У Швельме падсвятленне ўвогуле скралі неўзабаве пасля яго ўсталёўкі. Не будзе ў некалькіх гарадах і калядных кірмашоў, яны сталі нерэнтабельныя праз падзенне турыстычнай прывабнасці гарадоў», — паведаміла вядоўца.

Сёлета ў некалькіх нямецкіх гарадах святочнага асвятлення сапраўды будзе менш, чым планавалася. Але пра поўнае скасаванне ілюмінацыі нідзе гаворкі не ідзе. Напрыклад, у Дрэздэне падсвятленне скасавалі толькі на адной вуліцы — Кёнігштрасэ. Прычыны ў такога рашэння не эканамічныя. Звычайна там развешваюць гірлянды на 80 ліпах. У 2025-м дрэвы не абразалі і ўпрыгожанні на кронах не змясціліся. На іншых вуліцах Дрэздэна, як і ў мінулыя гады, падсвятленне ўсталююць. Калядныя кірмашы таксама праходзяць у звычайным рэжыме.

Што да Магдэбурга: там частку грошай, якія збіраліся выдаткаваць на ілюмінацыю, сапраўды перанакіравалі, у тым ліку на рамонт мастоў. Горад планаваў купіць новыя дэкаратыўныя элементы на €400 тыс., аднак з'явіліся больш прыярытэтныя выдаткі і сродкі скіравалі на іх вырашэнне, адклаўшы абнаўленне ілюмінацыі. Нягледзячы на гэта, у Магдэбургу ў 2025 годзе запаліліся больш за мільён агнёў. Працаваць не будзе толькі адзін запланаваны фрагмент на Саборнай плошчы.

У Швельме — невялікім мястэчку ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія — сапраўды зніклі святочныя гірлянды. Жыхары вырашылі, што іх скралі, і нават сабралі грошы на новае асвятленне. Аднак пазней высветлілася, што гірлянды не выкрадалі — іх памылкова выкінулі. Цяпер упрыгожанні правяраюць на спраўнасць. Чакаецца, што частку ілюмінацыі ўсталююць да каляднага кірмашу ў цэнтры гораду.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць