Кантэкст: 20 жніўня 2026 года Латвія апублікавала спіс кампаніяў, якія працягваюць гандляваць з Расеяй і Беларуссю падчас вайны з Украінай. У яго ўвайшла 171 латвійская фірма, якая экспартуе або імпартуе прадукцыю з гэтых краін. Само па сабе траплянне ў спіс не азначае парушэння санкцыяў, але, на думку ўладаў, спажыўцы, партнёры і іншыя кампаніі маюць права ведаць гэтую інфармацыю, каб вырашаць, ці працягваць супрацу з фігурантамі спісу.
13 жніўня 2026 года ў перадачы «Лятучка» на СБТБ вядоўцы Людміла Гладкая і Яўген Горын абвінавацілі Латвію ў жаданні ліквідаваць Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна. Паводле іх слоў, пра гэта нібыта заявіў Яніс Слайдыньш — афіцэр латвійскай арміі.
— Дык вось нядаўна гэты таварыш, спецыяліст па абсалютна ўсіх пытаннях, ён казаў, што трэба, значыць, выкрасці… Варта ліквідаваць прэзідэнтаў Расеі і Беларусі па прыкладзе кіраўніка Венесуэлы і Ірану. Таксама выказаў шкадаванне, што Зяленскі дагэтуль не паставіў іх забойства сваёй мэтай <...>, — сказала Гладкая.
— Вайсковы чыноўнік адной краіны сцвярджае, што мы павінны забіць лідараў іншых дзяржаў, то бок ён гэта робіць адкрыта, — падсумаваў Горын.
Інфармацыю пра тое, што Слайдыньш нібыта прапанаваў ліквідаваць Лукашэнку і Пуціна, распаўсюджвалі «Балтньюз» і іншыя расейскія медыя. «Балтньюз» нават сцвярджаў, што Слайдыньш заявіў пра гатовасць асабіста «ўзяцца за працу». Але гэта фэйк. У эфіры TV24 31 ліпеня такі варыянт прапанаваў не Слайдыньш, а глядач. Ён спытаў, ці нельга «падобным чынам разабрацца» з Пуціным і Лукашэнкам, спасылаючыся на прыклады Венесуэлы і Ірану.
«Мы ведаем, як спрытна Амерыка пазбавілася ад лідара Венесуэлы. І яшчэ ад гэтага вось іранскага святара пазбавіліся даволі хутка. Ці нельга падумаць пра тое, каб падобным чынам разабрацца і з Пуціным, і з Лукашэнкам? Я разумею, што там будзе складаней, але ж можна было б паспрабаваць. І яшчэ вельмі шкада, што Зяленскі ніколі не казаў, што мэта Украіны — фізічна ліквідаваць і Пуціна, і Лукашэнку. З ягоных вуснаў я такога ніколі не чуў», — прагучала ў пытанні.
Слайдыньш гэтую ідэю не падтрымаў. Ён адказаў, што ліквідаванне аднаго лідара не развяжа праблему, таму што гаворка ідзе пра сістэму.
«Ну, гэта не было б развязаннем. Ну, не было б. Гэтая ўлада ў Крамлі трымаецца маналітна. Сыдзе Пуцін, скажам, прыйдзе іншы такі ж мярзотнік на яго месца, так? Там гаворка ідзе пра сістэму. Калі ты гэтую сістэму не паваліш, а гэта могуць зрабіць толькі самі жыхары Расеі, звонку гэтага ніхто не зробіць. Там могуць і лідары. Але, як відаць, лідары зноў з’яўляюцца. Скажам, нейкія, якія з’яўляюцца лідарамі сістэмы. Так што там нічога не будзе такога», — адказаў Слайдыньш.
То бок у эфіры TV24 не было закліку латвійскага афіцэра ліквідаваць кіраўнікоў Расеі і Беларусі. Было пытанне гледача пра такі сцэнар і адказ Слайдыньша, што гэта не стала б развязаннем.