Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
«Шкварка News» фэйкавы вырак суда ва Украіне пацвердзіў падробленай пастановай
У тэлеграм-канале напісалі, што ад маці патрабуюць прыбраць надпіс «Незаконна мабілізаваны» з надмагілля загінулага на вайне сына.
Прыбраць надпіс «Незаконна мабілізаваны» з надмагілля загінулага ўкраінскага жаўнера патрабуе ад яго маці Броварскі міжраённы суд Кіеўскай вобласці, паведамілі аўтары тэлеграм-каналу «Шкварка News». Як доказ яны апублікавалі адпаведную пастанову. Каманда Weekly Top Fake западозрыла, што дакумент выдаў не суд.
Інфармацыю пра судовую пастанову, якую нібыта атрымала маці загінулага ўкраінскага жаўнера, аўтары тэлеграм-каналу «Шкварка News» апублікавалі 2 красавіка 2025 года.
«Жанчына з Кіеўскай вобласці напісала на надмагіллі загінулага пад Сумамі сына “Незаконна мабілізаваны”. Зараз яе цкуюць у сац сетках і патрабуюць прыбраць надпіс праз суд, інакш адміністрацыя могілкаў дэмантуе надмагілле», — напісалі аўтары посту.
У якасці доказу яны апублікавалі фотаздымкі надмагілля і выраку суда.
Нашу ўвагу прыцягнула афармленне дакументу. На пастанове суда абавязкова павінны быць паказаны рэквізіты ў верхнім правым куце, нумар справы і судовай вытворчасці. Апроч таго, суддзя павінен аргументаваць сваё рашэнне, спасылаючыся на адпаведныя нарматыўныя прававыя акты. Нічога з гэтага на прадстаўленым у посце дакуменце няма.
Каманда WTFправерыла, ці існуе такі дакумент. Мы шукалі яго ў адзіным рэестры судовых выракаў Украіны па даце вынясення: у гэты дзень суддзі з такімі прозвішчамі рашэнняў не выносілі. Пошук па прозвішчах суддзяў і ключавых словах у тэксце таксама не даў выніку.
З гэтага можна зрабіць выснову, што апублікаваны аўтарамі тэлеграм-каналу дакумент — фальшывы.