Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Не сказаў дзядзьку не»: «СБ. Беларусь сёння» сказіла змены ў артыкулах пра сексуальны гвалт у Літве

Аўтарка газеты ўбачыла змякчэнне пакарання там, дзе заканадаўцы ўводзяць прынцып добраахвотнай згоды і захоўваюць забарону на сексуальныя кантакты з дзецьмі.

Аўтарка «СБ. Беларусь сёння» напісала, што літоўскія дэпутаты хочуць знізіць пакаранне для педафілаў і дазволіць ім пазбягаць адказнасці, калі дзіця не выказала адмовы. Людміла Гладкая вырвала з праекту паправак асобныя фармулёўкі і не ўлічыла іншыя артыкулы Крымінальнага кодэксу: сексуальныя кантакты з дзецьмі, маладзейшымі за 16 гадоў, застаюцца забароненымі незалежна ад згоды.

Кантэкст: Літва стала першай краінай NATO, якая накіравала на абарону больш за 5% ВУП — амаль €5 млрд. Яшчэ некалькі гадоў таму гэты паказнік складаў крыху больш за 3%. У 2025 годзе краіны альянсу дамовіліся павялічыць выдаткі на абарону да 5% ВУП да 2035 года, але Літва дасягнула гэтай планкі на дзевяць гадоў раней. Сродкі накіроўваюць на сістэмы супрацьпаветранай абароны, цяжкую тэхніку і стварэнне ўласнай армейскай дывізіі да 2030 года.

Газета «СБ. Беларусь сёння» знайшла іншую нагоду напісаць пра суседнюю краіну. У артыкуле ад 12 чэрвеня 2026 года супрацоўніца выдання Людміла Гладкая раскрытыкавала папраўкі ў Крымінальны кодэкс Літвы, якія датычацца злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці, і заявіла, што дэпутаты нібыта хочуць знізіць пакаранне для педафілаў.

«Тыя, хто называе сябе дэпутатамі, прапануюць, па-першае, знізіць пакаранне для вычварэнцаў. Па-другое, замацаваць заканадаўчую норму, з якой вынікае: калі дзіця потым пацвердзіць, што “не сказаў дзядзьку не”, то і злачынства быццам бы не было і саджаць педафіла не будуць», — напісала Гладкая.

Насамрэч прапанаваныя змены датычацца артыкулаў пра сексуальныя злачынствы не толькі супраць дзяцей, але і супраць дарослых. Іх сутнасць — лічыць сексуальным гвалтам не толькі дзеянні, якія суправаджаліся фізічным або псіхічным гвалтам, пагрозамі ці прымусам, але і сексуальны кантакт без добраахвотнай згоды.

Дзейная логіка патрабавала кожны раз даказваць, што ахвяры пагражалі або яе актыўна прымушалі. Аднак чалавек можа не супраціўляцца праз шок, страх або псіхалагічны ціск. Таму ў Літве прапануюць замацаваць прынцып: калі не было выразнай добраахвотнай згоды, сексуальны кантакт лічыцца злачынствам. Фізічны або псіхічны гвалт, а таксама пагрозы пры гэтым становяцца абцяжарвальнымі абставінамі, за якія прадугледжана больш строгае пакаранне.

Такая ж логіка выкарыстоўваецца ў праекце артыкула пра сексуальны гвалт над дзіцем — акт без свабоднай згоды. Менавіта гэтая фармулёўка абурыла Гладкую. Яна вытлумачыла яе так, нібыта пры наяўнасці згоды дзіцяці злачынства не будзе. Але гэта няправільна. Пад дзеяннямі без свабоднай згоды ў гэтым артыкуле маюцца на ўвазе дзеянні без пагрозаў і гвалту. Далей у тым жа артыкуле асобна прадугледжана пакаранне за такія ж дзеянні, учыненыя з ужываннем пагрозаў або гвалту.

Акрамя таго, у Крымінальным кодэксе Літвы ёсць артыкул 151-1, які забараняе любы сексуальны кантакт з дзіцем, маладзейшым за 16 гадоў. Ніякіх агаворак пра згоду там няма. Гэтая норма дзейнічае цяпер і захаваецца пасля прыняцця паправак.

Гладкая таксама напісала:

«За групавое згвалтаванне хлопчыка або дзяўчынкі заканатворцы лічаць, што можна, напрыклад, яшчэ больш знізіць планку пакарання — да двух гадоў пазбаўлення волі».

Аднак у дзейным Крымінальным кодэксе Літвы няма асобнага пакарання менавіта за групавое згвалтаванне дзіцяці. Ёсць асобныя нормы пра сексуальны гвалт над непаўналетнімі і пра згвалтаванне групай асобаў. Пры прызначэнні пакарання суд улічвае абедзве. Таму сцвярджаць, што планку пакарання знізілі, некарэктна: параўнаць новую норму з асобным дзейным артыкулам немагчыма, бо такога артыкула цяпер няма.

У праекце паправак за групавыя сексуальныя дзеянні без пагрозаў і гвалту ў дачыненні да дзяцей прапануецца караць пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух гадоў. За такія ж дзеянні з ужываннем гвалту або пагрозаў — на тэрмін ад шасці гадоў.

Людміла Гладкая ў «СБ. Беларусь сёння» прадставіла змены як спробу змякчыць адказнасць за злачынствы супраць дзяцей. Але праект уводзіць прынцып добраахвотнай згоды, падзяляе злачынствы ў залежнасці ад наяўнасці пагрозаў і гвалту ды захоўвае безумоўную забарону на сексуальныя кантакты з дзецьмі, маладзейшымі за 16 гадоў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Колькі замежных дэлегацый там было». На «Радыё-Менск» выдалі замежных гасцей за прадстаўнікоў Нямеччыны і ЗША
Антыфэйк / фактчэк «Колькі замежных дэлегацый там было». На «Радыё-Менск» выдалі замежных гасцей за прадстаўнікоў Нямеччыны і ЗША
МЗС Нямеччыны не падтрымала паездку палітыкаў ад «Альтэрнатывы для Нямеччыны», а дзяржсакратар ЗША не пацвердзіў удзел амерыканскай дэлегацыі.
15 чэрвеня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць