Кантэкст: У траўні на тэрыторыі Беларусі прайшлі супольныя беларуска-расейскія вучэнні па адпрацоўцы ўжывання ядравай зброі. На гэтым фоне ў эфірах дзяржаўных тэлеканалаў і радыёстанцый пачалі актыўна абмяркоўваць рост пагроз з боку заходніх суседзяў і ўзмацненне вайсковай прысутнасці NATO каля межаў Беларусі. Аўтары сінхронна пачалі праводзіць паралелі з падзеямі Другой сусветнай вайны.
Палітолаг Аляксей Бяляеў 19 траўня 2026 года ў ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і СБТВ заявіў, што Нямеччына размяшчае каля межаў Беларусі падраздзяленне з тым жа нумарам, што і частка, якая ўдзельнічала ў нападзе на тэрыторыю СССР у 1941 годзе.
«Мы бачым, як Нямеччына заявіла пра жаданне стварыць наймацнейшую, найбуйнейшую армію ў Еўропе. Пры гэтым ужо яны перакідваюць 5000 сваіх вайскоўцаў непасрэдна да межаў Беларусі. Прычым вельмі з сумнай сімволікай: 45-я брыгада, якая ў 1941 годзе нападала на тэрыторыю Беларусі, і цяпер яе зноў размяшчаюць на нашых межах», — заявіў ён.
Нямеччына сапраўды размяшчае ў Літве новую 45-ю танкавую брыгаду бундэсвэру пад назвай «Літва». Яе ствараюць паступова, а поўнае разгортванне плануюць завяршыць да 2027 года.
У 1941 годзе не існавала нямецкай 45-й танкавай брыгады. Пад такім нумарам была толькі танкавая дывізія, прычым з’явілася яна ў 1945 годзе — пад канец Другой сусветнай вайны. Праіснавала гэтае падраздзяленне каля месяца і на Усходнім фронце не ваявала. Пад такім нумарам існавала пяхотная дывізія вермахта, а не танкавая брыгада. Яна ўдзельнічала ў штурме Берасцейскай крэпасці летам 1941 года. То бок гэта было падраздзяленне іншага роду войскаў і да сучаснай нямецкай танкавай брыгады яно дачынення не мае.
Падобную гістарычную аналогію ў эфіры Першага інфармацыйнага канала ў перадачы «Волкаў і Сыч» правялі палітычныя аглядальнікі Аляксей Волкаў і Андрэй Сыч. Яны абмеркавалі адпраўку ў Літву 371-га мотастралковага батальёна бундэсвэру. У прыватнасці, Андрэй Сыч заявіў, што ён стаяў у Літве падчас Другой сусветнай вайны:
«Пытанне, ведаеш, гістарычных паралеляў. Зноў спальваюць вёскі ў Літве для таго, каб арганізаваць палігон і месца для дыслакацыі гэтага падраздзялення бранятанкавага на тэрыторыі прыбалтыйскай дзяржавы. Паралелі жахлівыя насамрэч: супадаюць і назвы. Дакладней, нумары гэтых падраздзяленняў з тымі, якія стаялі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», — сказаў ён у сюжэце 9 траўня 2026 года.
Падчас Другой сусветнай вайны існаваў не мотастралковы батальён, а 371-я пяхотная дывізія вермахта. Пасля фармавання ў 1942 годзе яе накіравалі на паўднёвы ўчастак фронту пад Сталінград, дзе злучэнне было фактычна знішчана. У Літве гэтая дывізія не дыслакавалася.
У літоўскіх гістарычных дакументах таксама няма згадак пра нямецкія падраздзяленні з нумарам 371, размешчаныя на тэрыторыі Літвы ў гады вайны.
Сцвярджэнне пра спальванне вёсак у Літве таксама не адпавядае рэчаіснасці. У Літве ў раёне будаўніцтва новага палігона размешчаныя 77 домаўладанняў. Іх уладальнікам далі выбар: застацца або прадаць нерухомасць дзяржаве па спрошчанай працэдуры цягам пяці гадоў. Толькі 13 дамоў непасрэдна трапляюць на тэрыторыю будучага стрэльбішча, таму іх выкупяць з кампенсацыяй. Такім чынам, гаворка ідзе пра выкуп нерухомасці, а не пра знішчэнне населеных пунктаў.