Планы ААН па скарачэнні насельніцтва вядоўца Рыгор Азаронак абмеркаваў 20 лістапада 2024 года з палітычным аглядальнікам Яўгенам Пуставым у сваёй праграме «Азаронак. Наўпрост».
— А МУР (Мэты ўстойлівага развіцця — рэд.), мы ўжо дасягнулі Мэт устойлівага развіцця. Мы дасягнулі ўжо даўно, — сказаў Пуставы.
— Не, пачакайце, а хто-небудзь чытаў іх? — спытаў Азаронак.
— Так, хто-небудзь чытаў? — паўтарыў пытанне Пуставы.
— Хто-небудзь іх чытаў? Там проста заяўлена: скарачэнне насельніцтва планеты. Для ўстойлівага развіцця, — адзначыў вядоўца.
Мэты ўстойлівага развіцця — гэта 17 глабальных арыенціраў для краін, устаноўленых ААН у 2015 годзе, якіх неабходна прытрымлівацца, каб да 2030-га дасягнуць «міру і дабрабыту для людзей і планеты». Пункту пра скарачэнне насельніцтва Зямлі сярод іх каманда WTF не знайшла.
У спісе ёсць пункты пра барацьбу з голадам, галечай і змяненнем клімату, забеспячэнне якаснай адукацыі, гендарнай роўнасці, развіццё гарадоў і г.д.
Пад Мэтамі ўстойлівага развіцця падпісалася і Беларусь, паабяцаўшы імкнуцца да іх дасягнення.
Пакуль ніводная краіна ў свеце ўсіх мэтаў не дасягнула. Беларусь у рэйтынгу па паспяховасці выканання плану знаходзіцца на 30 месцы са 193 краін. Беларусы практычна ліквідавалі галечу, няроўнасць, маюць чыстую ваду і клапоцяцца пра зямлю і экасістэму. Але па паказніках годнай працы і эканамічнага росту, адказнага спажывання і вытворчасці, а таксама ў сферы міру, правасуддзя і эфектыўных інстытутаў адзначаецца пагаршэнне.
Улады Беларусі зрабілі справаздачу па выніках 2023 года, што ўжо дасягнулі мэтаў на 80,5%.