У эфіры праграмы «Азаронак. Наўпрост», праекце СТБ, 24 ліпеня 2026 года палітолаг Аляксей Аўдонін распавёў пра паездку ў КНДР разам з дэлегацыяй Камуністычнай партыі Беларусі. Асобна ён згадаў падарунак ад паўночнакарэйскага боку — значок з выявай Кім Ір Сэна і Кім Чэн Іра.
«Нам нашы карэйскія сябры, таварышы ўручылі ўсім значкі. Тут якраз выяўлены Кім Ір Сэн, правадыр і кіраўнік Карэі. Для чаго гэта зроблена? Гэтыя значкі могуць насіць толькі кіраўнікі вялікага ўзроўню ў самой Карэі. І нам яны даверылі, яны нам далі гэтыя знакі адрознення, тым самым разумеючы, што мы арыентаваныя на тое, каб выканаць тыя задачы, якія ставіў прэзідэнт у межах падпісання пагаднення з КНДР», — сказаў Аўдонін.
Гаворка ідзе пра так званы падвойны значок — з партрэтамі Кім Ір Сэна і Кім Чэн Іра на фоне вялікага чырвонага сцяга. Паўночнакарэйцы сапраўды часта носяць значкі з выявай лідараў: у КНДР гэта сімвал вернасці кіраўніцтву краіны. Але падвойны значок — толькі адзін з многіх падобных знакаў.
Паўночная Карэя застаецца адной з самых закрытых краін свету, таму праверыць статус такіх значкоў па мясцовых афіцыйных крыніцах практычна немагчыма. Аднак публікацыі замежных СМІ і візуальныя сведчанні дазваляюць усумніцца ў словах Аўдоніна.
Паводле дадзеных расейскага інфармагенцтва РИА Новости, у 1990-я і 2000-я такі падвойны значок сапраўды лічыўся самым прэстыжным: яго насілі вышэйшыя партыйныя чыноўнікі і генералы. Але пасля смерці Кім Чэн Іра падвойныя значкі пачалі распаўсюджваць значна шырэй, і да 2022 года яны ўжо былі амаль у кожнага.
Падобную інфармацыю публікавалі і паўднёвакарэйскія выданні. Яшчэ ў красавіку 2012 года яны паведамлялі, што падвойныя значкі сталі насіць не толькі вышэйшыя партыйныя кіраўнікі, але і армейскія камандзіры, дыктары тэлебачання і нават кіраўнікі крамаў. Тады ж пісалі, што ўлады рыхтаваліся раздаць такія значкі звычайным жыхарам. У 2014 годзе з’яўляліся паведамленні, што падвойныя значкі ўжо прадавалі на чорным рынку.
Гэта пацвярджаюць і фатаграфіі паўночнакарэйскіх грамадзянаў. Такія значкі можна ўбачыць не толькі ў кіраўнікоў высокага ўзроўню, але і, напрыклад, на форме паўночнакарэйскіх рэгуліроўшчыкаў дарожнага руху, у маладых жанчын-вайскоўцаў, а таксама на адзенні педагогаў. Падобныя значкі таксама заўважныя на адзенні мясцовых жыхароў, якія час ад часу трапляюць у кадр на відэа турыстаў, што прыязджаюць у Паўночную Карэю.
Тэарэтычна некаторыя з гэтых людзей могуць займаць кіроўныя пазіцыі ў сваёй сферы. Але гэтыя прыклады даводзяць ілжывасць сцвярджэння, што падвойны значок носяць выключна кіраўнікі высокага ўзроўню ў КНДР.