Кантэкст: Уладзімір Зяленскі 22 ліпеня 2026 года прызначыў Міхаіла Драпатага новым галоўнакамандуючым УСУ. Ягонага прызначэння патрабавалі некаторыя ўдзельнікі масавых пратэстаў, якія пачаліся ва Украіне пасля адстаўкі міністра абароны Міхаіла Фёдарава. Пра адстаўку стала вядома 15 ліпеня. Яе прычынай называюць канфлікт паміж Фёдаравым і ўжо былым галоўнакамандуючым УСУ Аляксандрам Сырскім. Зяленскі, каб вырашыць канфлікт, прапанаваў Фёдараву пасаду ва ўрадзе, але той заявіў, што не пагодзіцца ні на адну іншую пасаду, акрамя пасады міністра абароны. На гэтым фоне папулярнасць Фёдарава рэзка вырасла: у рэйтынгу магчымых кандыдатаў у прэзідэнты ён займае трэцяе месца пасля Уладзіміра Зяленскага і былога галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага.
У праграме «Галоўны эфір» на Першым інфармацыйным тэлеканале* 26 ліпеня 2026 года Міхаіла Драпатага назвалі распальвальнікам канфлікту на Данбасе ў 2014 годзе.
— На месца галоўнакамандуючага УСУ прызначаны Міхаіл Драпаты, — сказала вядоўца Паліна Шуба.
— Вядома, што ён фактычна пачаў грамадзянскую вайну ў краіне ў 2014-м, калі канфлікт яшчэ знаходзіўся на стадыі маніфестацыяў і майданаў. Менавіта Драпаты, кіруючы БТРам, разносіў барыкады ў Марыупалі. Замест перамоваў ён яўна аддае перавагу кулаку, — працягнуў вядоўца Максім Угляніца.
Міхаіл Драпаты сапраўды стаў шырока вядомы пасля эпізоду ў Марыупалі ў 2014 годзе. Відэа, на якім БМП пад ягоным камандаваннем прарывае барыкаду пасярод вуліцы, стала вірусным. Але гэта адбылося толькі 9 траўня. Да таго моманту канфлікт на Данбасе ўжо выйшаў далёка за межы «маніфестацыяў і майданаў».
Мітынгоўцы пачалі захопліваць будынкі органаў улады яшчэ ў пачатку сакавіка 2014 года, а ў красавіку пайшла другая хваля. У тым ліку былі захопленыя будынкі Службы бяспекі Украіны, што дало прыхільнікам далучэння да Расеі доступ да зброі. У Данецку пратэстоўцы абвясцілі «ДНР», а тагачасны прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк прыязджаў у Данецк весці перамовы.
12 красавіка ў сітуацыю яўна ўмяшаўся расейскі бок. Узброеная аўтаматамі група на чале з былым супрацоўнікам ФСБ Расеі Ігарам Гіркіным, таксама вядомым як Стралкоў, захапіла Славянск у Данецкай вобласці. Сам Стралкоў адкрыта распавядаў пра гэта ў інтэрв’ю.
У той жа дзень узброеныя людзі ў вайсковай форме захапілі адміністрацыйныя будынкі ў Краматорску.
Пасля гэтага, 14 красавіка, украінскія ўлады пачалі Антытэрарыстычную аперацыю. Ужо ў пачатку траўня на Данбасе ішлі паўнавартасныя баявыя дзеянні.
Калона ўкраінскай бранятэхнікі на чале з БМП, у якой знаходзіўся Драпаты, увайшла ў Марыупаль 9 траўня. То бок гэта адбылося ўжо пасля пачатку АТА, а не да яе.
Пазней сам Стралкоў у інтэрв’ю галоўнаму рэдактару расейскай газеты «Завтра» Аляксандру Праханаву наўпрост заявіў, што менавіта ягоны атрад запусціў вайну.
«Спускавы кручок вайны ўсё ж націснуў я. Калі б наш атрад не перайшоў мяжу, у выніку ўсё б скончылася, як у Харкаве, як у Адэсе. Было б некалькі дзясяткаў забітых, абпаленых, арыштаваных. І на гэтым бы скончылася. А практычна махавік вайны, якая дагэтуль ідзе, запусціў наш атрад», — казаў Стралкоў.
*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.