Антыфэйк / фактчэк

21 кастрычніка

«Мінская праўда» выдала артыста ў жаночай сукенцы за іспанскага дэпутата

Фота зрабілі ў ліпені 2024 года на свяце ў гонар Міжнароднага дня дрэг-руху.

Іспанскі дэпутат пераапрануўся ў жаночую сукенку і выступіў з трыбуны парламента, распавёў вядоўца праграмы «Вострая палітыка» на ютуб-канале «Палітыка. Мінская праўда». Каманда Weekly Top Fake знайшла арыгінальнае фота выступоўцы і высветліла, хто ён на самой справе.

Пра тое, як «парламент Іспаніі з’язджае з глузду» распавёў вядоўца праекту «Вострая палітыка» 4 кастрычніка 2024 года.

«Іспанскі парламентарый жахнуў сусветную грамадскасць. Не, гэта не новы босс з [відэагульні] DLC Elden Ring або Black Myth: Wukong, а ўсяго толькі народны выбраннік. Іспанцы, гляджу, зусім паўмеры не прызнаюць. Вось і самая каталіцкая і радыкальна настроеная краіна Еўропы, а вось — парламентарый чапляе на галаву адсечаныя курыныя ножкі і вяшчае з трыбуны з разумным выглядам у сукенцы. Гэта мужчына, нагадаю. Можна, вядома, спрабаваць захаваць спакой, але гэта такая клініка ўжо, ей богу», — пракаментаваў вядоўца фота, якое ў гэты час паказвалі на экране.

Каманда WTF знайшла фота мужчыны ў сукенцы ў сацсетцы Х (былы твітэр). Аўтары посту сцвярджаюць, што гэта іспанскі міністр, а не дэпутат. Але і першая версія, і другая — няпраўда. 

На самой справе на здымку прадстаўнік дрэг-культуры — артыст Sorny, які пераўвасабляецца ў жаночыя вобразы. Мы знайшлі гэтае ж фота ў яго інстаграме. Яго зрабілі ў ліпені 2024 года на свяце ў гонар Міжнароднага дня дрэг-руху. Мерапрыемства арганізавалі ў супрацы з Міністэрствам роўнасці Іспаніі. 

На агульным фота ўдзельнікаў ёсць і чыноўнік, але апрануты ён кансерватыўна — у гарнітур з гальштукам.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі