Антыфэйк / фактчэк Учора

«Машу і Мядзведзя» прызналі пагрозай украінскай нацбяспецы? Азаронак выдаў жарт за факт

Дзяржорганы Украіны не публікавалі забарону на пракат мультфільму.

Расейскі мультфільм «Маша і Мядзведзь» прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы Украіны і забаранілі, паведаміў Рыгор Азаронак у эфіры сваёй аўтарскай праграмы. Каманда Weekly Top Fake высветліла, дзе апублікавалі гэту інфармацыю. 

Навіну пра нібыта прызнанне «Машы і Мядзведзя» пагрозай нацбяспецы Украіны Рыгор Азаронак 29 жніўня 2025 года абмеркаваў у эфіры сваёй аўтарскай праграмы «Азаронак. Наўпрост» з публіцыстам Юрыем Церахам. 

— Са смешных навін: мультсерыял «Маша і Мядзведзь» прызнаны на Украіне пагрозай нацыянальнай бяспецы, — паведаміў вядоўца. 

— Даўно ж ужо! Гэта ж ГУР, па-мойму, нават прызнаваў, самае цікавае, — адказаў госць праграмы.

— Ну, цяпер ужо афіцыйна, — сказаў Азаронак.

Інфармацыя пра тое, што мультфільм «Маша і Мядзведзь» прапануюць забараніць, сапраўды з'яўлялася. Украінскія актывісты з 2017 года неаднаразова падавалі петыцыі па гэтым пытанні. Яны аргументавалі патрэбу забароны тым, што мульцік — прапагандысцкі медыяпрадукт Расеі, што робіць украінскіх дзяцей лаяльнымі да расейскіх наратываў.

Пад канец жніўня 2025 года ўкраінскі Цэнтр стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі Украіны таксама падымаў гэту тэму. Сярод іншага «Машу і Мядзведзя» падазраюць у негатыўным уплыве на дзіцячую псіхіку, а стваральнікаў мультфільму — ва ўскосным фінансаванні расейскай арміі. 

Тым не менш у актуальным спісе фільмаў, якія Дзяржкіно Украіны выключыла з пракату, «Машы і Мядзведзя» няма. На сайце ГУР Украіны мультфільм таксама не згадваецца.

Напэўна, Рыгор Азаронак навіну пра забарону мультфільму знайшоў у гумарыстычным тэлеграм-канале «Во///дь» і выдаў за факт. Ніводнае аўтарытэтнае ўкраінскае ці міжнароднае СМІ апошнім часам падобнай інфармацыі не публікавала.

«Маша і Мядзведзь» — адзін з самых вядомых расейскіх анімацыйных праектаў у свеце. Ён выходзіць больш чым у 150 краінах, перакладзены на дзясяткі моў і даступны нават на Netflix. У 2014 годзе серыял пераклалі на ўкраінскую мову і стварылі пад яго асобны ютуб-канал. Цяпер гэта самы папулярны дзіцячы канал ва Украіне: 18 млн падпісантаў і больш за 800 млн праглядаў толькі за няпоўны 2025 год.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць