Антыфэйк / фактчэк

31 кастрычніка

«Забілі і падзялілі». Лукашэнка распавёў выдуманыя падрабязнасці гібелі беларускіх дальнабойнікаў ва Украіне

Пра дваіх загінулых 17 сакавіка 2022 года распавёў і прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

У пачатку поўнамаштабнай вайны ўкраінцы забілі пяцёх кіроўцаў беларускіх фур, распавёў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю журналісту Бі-бі-сі Стывену Розенбергу. Каманда Weekly Top Fake знайшла разыходжанні з ранейшымі яго заявамі. 

Загінулых ва Украіне ў пачатку поўнамаштабнай вайны беларускіх дальнабойнікаў Аляксандр Лукашэнка згадаў 23 кастрычніка падчас інтэрв'ю журналісту Бі-бі-сі Стывену Розенбергу.

«Украіна павяла ў адносінах да Беларусі [сябе] варожа. Яна раней чым англасаксы ўвяла супраць нас санкцыі. <...> Яна 75 велікагрузаў разам з людзьмі арыштавала. Яна павяла сябе па-бандыцку. Вы гэта ведаеце, мне давялося праводзіць спецаперацыю, каб вызваліць хлопцаў, якіх яны арыштавалі. Мы іх вызвалілі, а пяцёх чалавек яны забілі. І раздзялілі, каб мы не зразумелі, як адбылося, што яны загінулі», — заявіў Лукашэнка. 

Гаворка ідзе пра кіроўцаў беларускіх фур, якія на момант поўнамаштабнага ўварвання Расеі апынуліся на тэрыторыі Украіны. Два з паловай гады таму Аляксандр Лукашэнка казаў, што іх было двое: «На жаль, па-мойму, двум чалавекам так і не ўдалося вярнуцца дадому. Яны проста нахабна былі забітыя ўкраінцамі».

Пра дваіх загінулых 17 сакавіка 2022 года распавёў і прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз:

«10 сакавіка гэтага года МЗС атрымана і пацверджана трагічная інфармацыя аб гібелі ў горадзе Корасцень Жытомірскай вобласці Украіны двух нашых грамадзян. Гаворка пра дальнабойнікаў, якія не паспелі пакінуць зону канфлікту і былі вымушаныя пражываць у сваіх машынах, чакаючы магчымасці выехаць у Беларусь».

У дзень смерці дальнабойнікаў, 10 сакавіка 2022 года, мэр гораду Корасцень Уладзімір Маскаленка распавёў, што мужчыны загінулі ад моцных апёкаў, якія атрымалі ў выніку расейскага абстрэлу.

«Два чалавекі ў шпіталі з вельмі вялікімі апёкамі, не сумяшчальнымі з жыццём. Таму на сёння практычна тры чалавекі — гэта загінулыя. Гэта два з іх беларусы, якія на машынах стаялі тут, папрасіліся на перыяд, пакуль будуць выязджаць. І не ведалі, што якраз з беларускіх аэрадромаў выляцяць расейскія самалёты і будуць бамбіць горад Корасцень», — паведаміў Маскаленка. 

23 кастрычніка 2024 года на заяву Лукашэнкі журналісту Бі-бі-сі адрэагаваў былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Выказванне пра дальнабойнікаў ён пракаментаваў так: 

«Але цікавей за ўсё ў "тлумачэннях" выглядае павелічэнне колькасці беларусаў, якіх "раздзялілі". У папярэдніх інтэрв'ю, я ўзгадваю, гаворка ішла пра двух, а цяпер ужо пра пяць. Што будзе далей?»

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі