Антыфэйк / фактчэк

16 кастрычніка

Лукашэнка і Сталін: Азаронак знайшоў падабенства, а каманда WTF — у чым ён памыліўся

Бацька Сталіна быў шаўцом, маці не мела сталай працы.

Рыгор Азаронак заявіў, што сярод усіх кіраўнікоў «нашай дзяржавы» Аляксандра Лукашэнку і Іосіфа Сталіна аб'ядноўваюць сельскія карані. Пад «нашай дзяржавай» ён, верагодна, меў на ўвазе СССР. Каманда Weekly Top Fake спраўдзіла, дзе насамрэч выраслі лідары Савецкага Саюзу.

Гаворка пра падабенства Іосіфа Сталіна і Аляксандра Лукашэнкі ішла 7 кастрычніка 2024 года ў праграме «Азаронак. Наўпрост». 

«І калі глядзець на ўсіх кіраўнікоў нашай дзяржавы, то з вёскі два чалавекі — Іосіф Вісарыёнавіч, у яго сяляне — у вёсцы Горы — бацькі, і Аляксандр Рыгоравіч», — распавёў вядоўца Рыгор Азаронак.

«Нашай дзяржавай» Азаронак, падобна, назваў СССР. З сямі кіраўнікоў Савецкага Саюзу пяцёра нарадзіліся ў вёсках: Леанід Брэжнеў, Мікіта Хрушчоў, Юрый Андропаў, Канстанцін Чарненка і Міхаіл Гарбачоў.

А двое кіраўнікоў — выхадцы з гарадоў — Уладзімір Ленін і Іосіф Сталін. Населены пункт Горы, у якім у 1878 годзе нарадзіўся апошні, стаў горадам задоўга да яго з'яўлення — у 1801-м. Бацька Сталіна быў шаўцом, маці не мела сталай працы. 

Маці Аляксандра Лукашэнкі была даяркай, яны жылі ў вёсцы. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі