Антыфэйк / фактчэк

30 кастрычніка

«Вы поўныя вар'яты!» Лукашэнка зноў сказіў факты пра пасадку Ryanair з Пратасевічам на борце

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) правяла расследаванне пасадкі самалёта Ryanair у менскім аэрапорце.

Аляксандр Лукашэнка па-новаму распавёў гісторыю з пасадкай самалёту Ryanair у Менску, на борце якога знаходзіўся рэдактар выдання Nexta Раман Пратасевіч. Ён заявіў, што Boeing 737, які рухаўся з Афін, даляцеў да Вільні, там развярнуўся і сеў у беларускай сталіцы. Каманда Weekly Top Fake аднавіла храналогію падзей 23 мая 2021 года. 

Захаду была патрэбная прычына, каб увесці санкцыі супраць Беларусі, і ён выкарыстаў пасадку самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка згадаў у інтэрв'ю журналісту Бі-бі-сі Стывену Розенбергу 23 кастрычніка 2024 года, распавядаючы пра непублічныя перамовы з прадстаўнікамі заходніх краін.

Паводле слоў Лукашэнкі, 23 траўня 2021 года самалёт, які накіроўваўся з Афін у Вільню, даляцеў да свайго пункту прызначэння.

«У вас ёсць доказы, што мае знішчальнікі па маёй камандзе перахапілі гэты самалёт? Слухайце, вы поўныя вар'яты! Гэты самалёт ляцеў у Вільню, так? Так. Чаму вы яго не пасадзілі ў Вільні? Бо ён развярнуўся над Вільняй і вярнуўся ў Менск. Чаму вы яго там не пасадзілі?» — спытаў Лукашэнка ў журналіста. 

У канцы траўня 2021 года Аляксандр Лукашэнка распавядаў іншую гісторыю пра пасадку самалёта Ryanair:

«У раёне палётаў, да вашага ведама, вы гэта добра ведаеце, размешчаная Беларуская атамная станцыя. Паблізу яе і адбыўся разварот гэтага самалёта. А калі б раптам? Нам што, мала Чарнобыля?» 

Ні першая, ні другая гісторыя не з'яўляюцца праўдай. Boeing 737 развярнуўся над Лідай. Ён не пакідаў беларускую паветраную прастору. Гэта пацвярджае схема палёту гэтага самалёта. Ад Ліды да Астравецкай АЭС каля ста кіламетраў па прамой. Маршрут самалёта не праходзіў побач з атамнай станцыяй.

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) правяла расследаванне пасадкі самалёта Ryanair у менскім аэрапорце і прыйшла да высновы, што паведамленне пра мініраванне паветранага судна было загадзя ілжывым. У справаздачы ICAO ёсць паказанні беларускага дыспетчара. Ён сцвярджаў, што кіраўніцтва папярэдзіла яго пра самалёт, які з бомбай на борце перасячэ беларускую паветраную прастору, яшчэ да вылету Boeing 737 з Афін. Акрамя таго, аэрапорты розных краін атрымалі лісты з пагрозамі выбуху. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі