Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Цэннік не расце». Палітолаг Лазуткін памыліўся з коштам навучання ў беларускіх ВНУ…

…і курсам беларускіх уладаў.

Палітолаг Андрэй Лазуткін заявіў у праграме «Азаронак. Наўпрост», што кошт платнай адукацыі ў Беларусі не расце ўжо шмат гадоў. Каманда WTF праверыла цэннікі найбуйнейшых дзяржаўных ВНУ: кошт навучання з 2020 года рос амаль штогод.

Кантэкст: У Беларусі 27 ліпеня 2026 года завяршыліся прыём дакументаў і залічэнне абітурыентаў у ВНУ на бюджэт. Сёлета высокія конкурсы — больш за пяць чалавек на месца — былі на спецыяльнасцях «графічны і мультымедыядызайн», «прыкладная фізіка» і «правазнаўства». Адной з нечаканасцяў уступнай кампаніі сталі прахадныя балы ў медуніверсітэт: яны аказаліся значна ніжэйшыя за леташнія. Чыноўнікі тлумачылі гэта павелічэннем колькасці бюджэтных месцаў. Набор вочнікаў на платнае навучанне ў медВНУ увогуле адмянілі.

У перадачы «Азаронак. Наўпрост», праекце тэлеканалу СТБ, 21 ліпеня 2026 года палітолаг Андрэй Лазуткін заявіў, што беларускія ўлады свядома не павышаюць кошт платнага навучання ў ВНУ.

«Цэннік на платную адукацыю ў Беларусі не расце ўжо шмат гадоў. Гэта дзяржпалітыка», — сказаў Лазуткін.

Але дадзеныя ўніверсітэтаў паказваюць адваротнае. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце кошт навучання па спецыяльнасці «Лячэбная справа» з 2020 года павялічваўся амаль кожны год. У 2020/21 навучальным годзе ён складаў 3400 беларускіх рублёў, у 2021/22 — 3766 рублёў, у 2022/23 — 4142 рублі, у 2023/24 — 4430 рублёў, у 2024/25 і 2025/26 — 4740 рублёў, а ў 2026/27 вырас да 5000 рублёў. Такім чынам, з 2020 года кошт навучання ў беларускіх рублях павялічыўся амаль у паўтара разу.

У доларавым эквіваленце ён таксама вырас — прыкладна на траціну. Адзіным выключэннем стаў 2023/24 навучальны год, калі праз змяненне курсу долара кошт у пераліку на амерыканскую валюту знізіўся. Потым ён зноў пачаў расці, дадаючы прыкладна па $100 за год.

Падобная дынаміка бачная і ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. У 2020/21 навучальным годзе навучанне для першага курсу каштавала 2632,2 рубля, а ў 2026/27 — 3896,4 рубля. Рост — каля 48%.

Для БДУІР сітуацыя падобная. У 2020/21 навучальным годзе навучанне каштавала 3550 рублёў, а да 2026/27 года — ужо 5250 рублёў. То бок кошт вырас напалову. У доларавым выражэнні рост таксама заўважны: з $1337 у 2020/21 навучальным годзе да $1816 у 2026/27 годзе, то бок на 36%. Адзіным годам без павышэння стаў 2025/26, калі кошт застаўся на ўзроўні папярэдняга года — 4910 рублёў.

Пералічаныя вышэй беларускія ВНУ не павышалі аплату толькі ў 2025-м, калі замарозілі яе ў беларускіх рублях на ўзроўні 2024-га.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Кандыцыянер — гэта раскоша? Праверылі аргументы Мукавозчыка, які прадказаў Еўропе гібель ад спёкі
Антыфэйк / фактчэк Кандыцыянер — гэта раскоша? Праверылі аргументы Мукавозчыка, які прадказаў Еўропе гібель ад спёкі
Вядоўца СТБ супрацьпаставіў беларусаў з «пастаянна ўключаным кандыцыянерам» «агульнаеўрапейцам», якія «мруць ужо тысячамі» праз зялёны парадак дня.
16 ліпеня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць