Антыфэйк / фактчэк

01 лістапада

Кіраўніцу МЗС Нямеччыны негасцінна прынялі ў Кітаі. «Наша Ніва» высветліла, куды і калі чыноўніца лётала насамрэч

Напісаў пост на гэтую тэму і Рыгор Азаронак.

Партнёрскі матэрыял
Кіраўніца нямецкай дыпламатыі Аналена Бербок прыляцела ў Кітай з рабочым візітам, але ніхто з афіцыйных асоб яе не сустрэў, паведамілі некаторыя расейскія і беларускія медыі. Яны апублікавалі відэа негасціннага прыёму ў канцы кастрычніка, намякаючы, што такім чынам чыноўніцу хацелі зняважыць. Журналісты «Нашай Нівы» высветлілі, што і візіт, і прыём міністра замежных спраў Нямеччыны — фэйкавыя.

Відэа негасціннай сустрэчы кіраўніцы нямецкага МЗС Аналены Бербак меркавана ў Кітаі 28 кастрычніка 2024 года апублікавала «Камсамольская праўда»

«Кіраўніца МЗС Нямеччыны прыляцела ў Паднябесную але, ужо спускаючыся па трапе, зразумела, што ні чырвонай дарожкі, ні авацый не дачакаецца. Больш за тое, кітайскія чыноўнікі нават не патурбаваліся сустрэць госцю», — гаворыцца ў посце ў тэлеграм-канале гэтага выдання (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя). 

Такую ж інфармацыю апублікавалі парталы Life.ru, Smotrim.ru і іншыя расейскія медыі. Напісаў пост на гэтую тэму і Рыгор Азаронак. 

На відэа, якое распаўсюджвалі пералічаныя медыі, Аналена Бербок спускаецца па трапе самалёта. Унізе стаіць мужчына з камерай, нейкая жанчына здымае чыноўніцу на тэлефон. Бербок суправаджаюць ахоўнікі. Міністр азіраецца па баках і адыходзіць ад самалёта. Афіцыйных асоб Кітая ў кадры няма. 

Расейскія медыі напісалі, што візіт нямецкай чыноўніцы ў Кітай афіцыйна не анансавалі. Аднак з пачатку кастрычніка ў СМІ з'явіліся чуткі, што Бербок збіраецца да канца месяца наведаць КНР, каб абмеркаваць сітуацыю ва Украіне і блізкаўсходні канфлікт.

Журналісты «Нашай Нівы» ў афіцыйных медыях Нямеччыны не знайшлі паведамленняў пра паездку кіраўніцы МЗС у Кітай. 

Кітайскія чыноўнікі не сустрэлі кіраўніцу МЗС Нямеччыны, таму што відэа было знята не ў Кітаі. На запісе адлюстраваны візіт Аналены Бербак у Малайзію ў студзені 2024 года. Іншае відэа з гэтай падзеяй апублікаваў нямецкі інфармацыйны цэнтр Паўднёва-Усходняй Азіі ў сацсетцы Х.

МЗС Нямеччыны таксама зняпраўдзіла інфармацыю аб сустрэчы чыноўніцы ў Кітаі.

«Гаворка ідзе пра пасадку [самалёта] міністра замежных спраў у Малайзіі», — працытавала афіцыйнага прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства Себастыяна Фішэра РІА Навіны.

У МЗС Нямеччыны растлумачылі, што ў Малайзіі Бербок сустрэлі так, таму што самалёт міністра спыніўся не там, дзе яе сустракала дэлегацыя прымаючага боку, ёй давялося крыху прайсці.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі