Навіны з Чалым

06 снежня

Хто круцей за Крутога і чым пагражае саюзніцкай Расеі падзенне рэжыму ў Сірыі

Інтэрв'ю прэзідэнтам народжанага і правал зброі, у якой няма аналагаў, — разбор апошніх навін Беларусі з Сяргеем Чалым.

Малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай даў інтэрв'ю Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву, а Уладзімір Пуцін зноў спрабаваў прыцягнуць увагу да пуску балістычнай ракеты «Арэшнік» па Украіне. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.

Мікалай Лукашэнка заявіў пра сваю суб'ектнасць

«Не паспелі мы <...> раскрыць сапраўдны сэнс пытання студэнткі да [Аляксандра] Лукашэнкі пра будучую выбранніцу яго малодшага сына Мікалая, як нашу здагадку пацвердзіў сам Мікалай. У інтэрв'ю БелТА ён сказаў: "Я не сумняюся, што да пытанняў майго асабістага жыцця ён [Аляксандр Лукашэнка] будзе ставіцца з вельмі вялікай увагай. Вядома, я яму цалкам давяраю і прыслухоўваюся да яго меркавання".

Гаворка ідзе, сапраўды, пра паўнавартасны дынастычны шлюб. І сапраўды, цяпер не той момант, калі Лукашэнка задумваецца пра сцэнары перадачы пасады ў спадчыну, каб ставіць свае асабістыя перавагі вышэй бацькоўскіх меркаванняў. Але не падумайце, што ў гэтым інтэрв'ю Мікалай, як іншы вядомы сын у гісторыі, заяўляе бацьку: "Хай будзе воля твая". Не. Наадварот. Гэта інтэрв'ю, у якім малодшы ўпершыню заяўляе пра сваю суб'ектнасць. Але не толькі пра суб'ектнасць. Мне, як дасведчанаму паліттэхнолагу, бачная яшчэ і адмежаванне ад канкурэнтаў. У дадзеным выпадку іншых братоў.

[Мікалай сказаў:] "У нас уся сям'я задзейнічана ў тым, чым займаецца кіраўнік нашай сям'і, кіраўнік нашай дзяржавы. Мы ўсе за ім цягнемся. Хтосьці менш, хтосьці больш. Але мы трапляем у той жа лад жыцця, што і ён. Адважуся сказаць, што я ледзь не ў большай ступені". У большай ступені, тата, у большай ступені, чым гэтыя два вісусы. Хацеў бы, тата, больш увагі і ў адказ».

Прэзідэнтам народжаны — круцейшы за Крутога

«[Аляксандр Лукашэнка казаў студэнтам:] "Усе яны, хто навідавоку, валодаюць унікальнымі якасцямі. Унікальнымі. Значна вышэйшымі, чым у мяне, асобнымі якасцямі. Але прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца. Калі ў цябе ад прыроды няма асноўных момантаў, уласцівасцяў і якасцяў прэзідэнта, то ты нават не лезь у гэтую сферу".

Але калі ты, тата, прэзідэнтанароджаны, то я, тата, — прэзідэнтамнароджаны. У адно слова з маленькай літары. У мяне дакладна гэтыя якасці ёсць ад прыроды. Ад тваёй прыроды, тата.

“Я не магу быць апазіцыянерам у адносінах да дзяржавы, да кіраўніка нашай дзяржавы, таму што я яго абсалютная копія. Некаторыя людзі кажуць, што я адрозніваюся ад свайго бацькі. Але гэтыя людзі ці не ведаюць мяне, ці не ведаюць майго бацькі"[, — сказаў Мікалай Лукашэнка].

Яны, тата, мяне не ведаюць, але яны мяне яшчэ пазнаюць. І з гэтага моманту можна абсалютна дакладна казаць: Мікалай Лукашэнка ўступае ў вялікую гульню. Гульню тронаў. А як жа я? Я ж круцейшы за Крутога, [кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі]. Я твая дакладная копія, толькі маладзей і мне нават "вельмі падабаецца чытаць". 

Ну, як чытаць? "Сам працэс чытання, перагортвання старонак". Дакладная і палепшаная копія».

Турцыя ўдарыла Расею ў спіну ніжэй пояса

«Не хачу доўга затрымлівацца на тэме падзей у Сірыі. <...> На што я хачу звярнуць увагу, гэта тое, што наступствы падзення рэжыму для саюзніцкай Расеі будуць катастрафічнымі ў рэгіёне. Расея страціць адзіную ваенна-марскую базу Тартусе ў Міжземнамор'і. І галоўнае, авіябазу Хмеймім — аэрапорт падскоку для ўсіх аперацый наймітаў у афрыканскім поясе нестабільнасці.

І ў доўгатэрміновай перспектыве спыненне грамадзянскай вайны ў Сірыі робіць зноў магчымым праект па будаўніцтве газаправоду з Катара ў Еўропу з хабам у Турцыі.

Пры гэтым Турцыя — адзіная краіна, якая паказвае ўсім, як трэба абыходзіцца з Расеяй — з пазіцыі сілы. Як з фраерам, які спрабуе здавацца блатным. Ад паставак байрактараў да перакрыцця праліваў для расейскіх вайсковых караблёў і гарантый бяспекі ўкраінскім сухагрузам у рамках збожжавай угоды. Прычым, робіць гэта даволі даўно. Дастаткова ўспомніць 2015 год, збіты расейскі бамбавік СУ-24 у момант яго 20-секунднага пралёта ў паветранай прасторы Турцыі.

Памідорамі не адкараскаецеся, пагражаў тады Пуцін. Ды што памідоры! Вось і апошні здрадлівы ўдар у спіну ніжэй пояса: Турцыя рэзка скараціла пастаўкі мандарынаў у Расею. І гэта напярэдадні Новага года!»

Пра зброю, у якой няма аналагаў, і кіраўніка, загнанага ў кут

«Такое адчуванне, што слабасць расейскіх пазіцыяў становіцца прыкметная няўзброеным вокам і паўсюль. Гэта не толькі вайсковая параза ўрадавых войскаў у Сірыі, але і параза прарасейскіх сіл на выбарах у Малдове, паспяховы пратэст у Абхазіі і распачатыя фактычна антырасейскія пратэсты ў Грузіі. Таймінг важны чаму? Таму што, здавалася б, ні ў адным з гэтых выпадкаў нічога не прадвяшчала.

І што самае галоўнае, гэта адбываецца альбо на фоне пасля таго, як Пуцін спрабаваў сваім новым вундэрвафэ — "Арэшнікам". Мы ўжо <...> зрабілі выснову, што гэта не зрабіла ніякага ўражання. І менавіта таму Пуцін паспрабаваў яшчэ раз прыцягнуць увагу да зброі, у якой няма аналагаў. <...> Гэта не паводзіны чалавека, які знаходзіцца ў моцнай пазіцыі. Гэта паводзіны кіраўніка, загнанага ў кут. <...> І роўна з гэтай жа прычыны Лукашэнка паўтарае наратывы Пуціна пра моц гэтых паражальных элементаў, якія таксама з'яўляюцца паражальнымі».