Навіны з Чалым

Учора

Каму прапануюць паставіць помнікі ў Беларусі і што павінен рабіць прэзідэнт

Унутраныя і знешнія выклікі для краіны — разбор перадвыбарчых праграм кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі ад Сяргея Чалага.

Дзяржаўныя газеты «Звязда» і «Рэспубліка» 14 студзеня апублікавалі перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў іх у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Змест
00:00 Лукашэнка маладзее
01:20 Пытанні міру ва ўсім свеце
03:35 Перадвыбарная праграма Гайдукевіча
04:50 Перадвыбарная праграма Сыранкова
06:40 Перадвыбарная праграма Хіжняка
07:43 Перадвыбарная праграма Канапацкай
10:20 Лукашэнка даў ваду і загаварыў аб надвор'і

Пра мір ва ўсім свеце

«Прадказальна Лукашэнка спыніўся на слогане "Час абраў нас". Фраза, якая амаль год абкатвалася ім. <...> А цяпер у яе з'явіўся і новы сэнс. Ад выбараў да выбараў Лукашэнка на фота выглядае ўсё маладзейшым і маладзейшым, насуперак свайму рэальнаму выгляду. <...>

Асаблівае ўспрыманне часу Лукашэнка дэманструе ў першым жа абзацы [сваёй перадвыбарчай праграмы]: "Трыццаць гадоў, здавалася б, зусім невялікі адрэзак часу". Не так ужо і доўга я ва ўладзе, хоча сказаць Лукашэнка. Якія нашыя гады.

Другое, што прывяло мяне ў здзіўленне, — гэта дзе, уласна, праграма? За выключэннем літаральна некалькіх тэзаў, якія можна лічыць перадвыбарчымі абяцаннямі, усё астатняе месца займае прэамбула. Канстатацыя сітуацыі, у якой краіна апынулася: “Калі ў 94 была задача адвесці народ ад сацыяльна-эканамічнага краху, то зараз неабходна ўтрымаць свет ад фатальнай прорвы вайны. Цяпер новыя выклікі — геапалітычныя".

Гэта значыць на думку Лукашэнкі, з унутранымі выклікамі справіліся, засталіся толькі знешнія. Вядома, ніяк не звязаныя з яго спосабам вырашэння ўнутраных праблем. 

"Роля прэзідэнта — прымаць стратэгічна вывераныя рашэнні", — паўтарае Лукашэнка практычна даслоўна маю думку пра тое, што яму сумна і нецікава займацца руціннымі кіраўнічымі справамі. Ён будзе займацца галоўнымі пытаннямі — міру ва ўсім свеце».

Сусветны ізгой і ўсюды чужая

«Па логіцы Лукашэнкі, Беларусь павінна весці за сабой у гэтым нестабільным свеце сваім прыкладам іншыя малыя і сярэднія краіны. "Яны таксама могуць мець свой голас і ўплываць на рэгіянальныя і сусветныя працэсы", — [сказаў ён]. І сапраўды, гледзячы на Беларусь, сярэднія і малыя краіны разумеюць, што яны могуць уплываць на рэгіянальныя і сусветныя працэсы. У адрозненні ад сусветнага ізгоя — Беларусі, якая, па ўласным прызнанні Лукашэнкі, адзіная еўрапейская краіна ў новай геапалітычнай канфігурацыі глабальнага поўдня. 

Хочацца спытаць: якога чорта робіць еўрапейская краіна ў геапалітычнай канфігурацыі глабальнага поўдня? У перакладзе на нармальную рускую мову гэта азначае — мы ўсюды чужыя».

Толькі сацыялізм! Толькі хардкор!

«[Сяргей] Сыранкоў, кіраўнік камуністычнай партыі Беларусі, у сваім жаданні падтрымаць тое, што робіць Лукашэнка, [у сваёй перадвыбарнай праграме] даводзіць яго ідэі да лагічнага абсурду. Чаго тут толькі няма: усіх працаздольных забяспечыць месцам працы, а ўсіх працуючых зрабіць членамі прафсаюза. І тое, і другое незалежна ад іх жадання. Тут і адмова ад прыватнай адукацыі. І вяртанне такіх фундаментальных навуковых дысцыплін як дыялектычны і гістарычны матэрыялізм. Знізіць пенсійны ўзрост. 

[Сыранкоў заявіў, што трэба] "пабудаваць не менш, чым 158 новых дзяржаўных прадпрыемстваў ва ўсіх аддаленых кутках краіны". Узмацніць кантроль за коштамі. Увесці крымінальную адказнасць для пасярэднікаў. Нацыяналізаваць банкі. Замацаваць у Канстытуцыі забарону на прыватызацыю дзяржуласнасці. І вярнуць права залатой акцыі дзяржавы ў адносінах да ўсіх астатніх формаў уласнасці.

І, як ні дзіўна, менавіта тут пачынаецца першая палеміка з Лукашэнкам. Якое яшчэ адзінства, які маналіт? Толькі "ачышчэнне грамадства ад пярэваратняў, якія спрабавалі расхістаць сістэму ў 2020 годзе і прытаіліся. Якія чакаюць паслабленняў для працягу тлятворнай актыўнасці".

Таму абсалютна лагічным выглядае заклік "аднавіць гераічную памяць правадыра савецкай дзяржавы І.В. Сталіна. З усталяваннем яму помнікаў у Рэспубліцы Беларусь. Прызнаць ідэалогіі нацыяналізму і лібералізму экстрэмісцкімі ва ўсіх праявах і формах. Культура павінна быць сацыялістычнай па змесце і нацыянальнай па форме". Паўтарае ён вядомую формулу Сталіна.

Толькі сацыялізм. Толькі хардкор. Ніякага нацыяналізму, лібералізму і садаміі».

Кандыдатка з праграмай Ціханоўскай

«[Кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Ганна] Канапацкая таксама кажа, што галоўная рызыка — далейшая дэпапуляцыя Беларусі. "Нам неабходна захаваць і вярнуць наша насельніцтва... Дзясяткі тысяч выехалі з краіны за апошнія гады. <...> Няздольнасць спраўляцца з выклікамі падарвала аўтарытэт нашай краіны ў свеце і з боку бліжэйшых суседзяў. Нашыя дзяржаўнасць і незалежнасць знаходзяцца пад перманентнай знешняй пагрозай, перыядычна ператвараючыся ў элемент палітычнага гандлю", — [сказала яна ў сваёй перадвыбарчай праграме].

Не хапае толькі адказу на пытанне, "чыя менавіта няздольнасць спраўляцца з выклікамі?” Але гэта, мабыць, максімум таго, што дазволена на гэтых бутафорскіх выбарах. Яе праграма прапануе не чысткі сталініста Сыранкова і не фальшывы маналіт Лукашэнкі, нешта падобнае да нацыянальнага прымірэння. Калі Лукашэнка ў сваёй праграме фактычна паўтарае лозунг Сяргея Ціханоўскага "Краіна для жыцця", толькі горш і шматслоўней — "Беларусь — дзяржава для народу. Краіна, у якой хочацца жыць", то Ганна Канапацкая фактычна запазычвае праграму Святланы Ціханоўскай».