Навіны з Чалым

22 лістапада

Хто будзе адказваць за парадак у краіне і чаму УНС стаў лішнім

Прызнанні Лукашэнкі, новы ўказ для старшыняў і адхіленні ад курсу — разбор апошніх навін Беларусі з Сяргеем Чалым.

Аляксандр Лукашэнка мае намер распрацаваць новы ўказ для старшыняў гарадскіх і раённых выканкамаў для павышэння іх адказнасці за дабрабыт краіны ды прыдумаць новае месца і ролю для УНС. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Змест
00:00 Першае пасяджэнне Прэзідыума УНС
01:03 Дата выбараў
03:30 УНС
09:00 Старшыні райвыканкамаў будуць адказныя за ўсё
10:19 Злітая размова Лукашэнкі з Прыгожыным

Рэмейк трука з перасадкай ад Аляксандра Лукашэнкі праваліўся

«19 лістапада адбылося першае паседжанне прэзідыума Усебеларускага народнага сходу пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Паседжанне было поўным пацешных момантаў літаральна з самага пачатку. Лукашэнка вырашыў паўтарыць знакаміты трук [першага прэзідэнта Расеі Барыса] Ельцына. "Не так селі", — папракнуў, чамусьці, [прэм'ер-міністра Рамана] Галоўчанку ў тым, што рассадка не адпавядае тэме мерапрыемства. Хіба, маючы на ўвазе, што яго зам па УНС павінен сядзець бліжэй.

І справа тут нават не ў тым, што, калі Ельцын вымавіў "не так селі", 5 траўня 1999 года, да яго адстаўкі заставалася крыху больш за паўгода. А ў тым, што пасля заўвагі Ельцына прысутныя пераселі як трэба. А пасля слоў Лукашэнкі засталіся сядзець як ні ў чым не бывала.

Другі няёмкі момант здарыўся, калі Лукашэнка фактычна прызнаў, што першапачаткова ў якасці даты прэзідэнцкіх выбараў разглядаўся люты будучага года. <...> Ён прызнаў, што гэты варыянт быў адзіным і што не было чатырох варыянтаў, пра якія казаў старшыня ЦВК Ігар Карпенка».

Пра галоўную задачу УНС і перадвыбарчую праграму

«У верасні на нарадзе на тэму выбараў гэтыя самыя выбары былі не такія важныя ў параўнанні з УНС. А ўжо ў лістападзе, на нарадзе прэзідыума УНС, аказалася, што галоўнае — гэта выбары, а УНС можна правесці наогул чорт ведае калі. Нават не пасля выбараў, а пасля паслання да парламенту.

Гэта толькі на першы неспрактыкаваны погляд здаецца, што перанос даты УНС звязаны з немагчымасцю распрацаваць перадвыбарчую [праграму] за пакінуты да выбараў час. Насамрэч у іх сапраўды ёсць складанасці з выпрацоўкай праграмы, як прызнаецца і сам [кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый] Крутой. 

"У мяне няма плану, у мяне ёсць толькі канцэпцыя плану", — казаў з аналагічнай нагоды падчас сваіх прайграных дэбатаў тады яшчэ кандыдат [у прэзідэнты ЗША] Дональд Трамп. За што і быў жорстка высмеяны.

Але не такі Лукашэнка. З ягоных слоў, чаму цяпер не патрэбная падрабязная праграма? Яшчэ два месяцы таму распрацоўка праграмы была самай галоўнай задачай. Нават важней выбараў. А пасля прызначэння даты выбараў усё кардынальна змянілася. Пад сумнеў пастаўлена ўся палітычная канструкцыя з удзелам УНС. На нарадзе прэзідыума УНС Лукашэнка сказаў, што галоўны сэнс УНС цяпер у тым, каб ён нікому не перашкаджаў».

Унікальная беларуская мадэль народаўладдзя правалілася, не паспеўшы запрацаваць

«У гэтым і была ўся ідэя. УНС зверху, УНС пераважае не проста над усімі, над прэзідэнтам. УНС вызначае стратэгічныя дакументы, кірунку якіх павінен прытрымлівацца прэзідэнт. І адхіленні ад вызначанага кірунку — падставы для яго адхілення.

Адзінае тлумачэнне такой рэзкай змены канцэпцыі ў тым, што яшчэ ў верасні сцэнар транзіту ўлады разглядаўся як асноўны рабочы. Таму быў важны УНС. Таму трэба было вызначыцца з курсам да абрання новага прэзідэнта. І толькі ў кастрычніку ад гэтага варыянту адмовіліся. Адзіны сэнс гэтай канструкцыі быў у забеспячэнні транзіту. Настолькі, што калі ад транзіту адмовіліся, яна стала проста не патрэбная.

Адсюль і знешне бессэнсоўныя фразы Лукашэнкі: "Нам трэба вырашыць галоўнае пытанне. Можа быць, нават не вырашыць. У цэлым, месца і роля УНС вызначаны ў канстытуцыі. Але гэта агульныя палажэнні, агульныя патрабаванні. А вось у дэталях, у канкрэтыцы ў нас бывае наадварот". Ну так, запісалі мы ў канстытуцыі. Ну і што? У жыцці-та яно, ад зямлі, усё па-іншаму».

Пра стратэгічна важны дакумент і прызначэнне адказных за парадак

«На гэтым жа прэзідыуме УНС абмяркоўвалася, здавалася б, зусім перпендыкулярнае пытанне аб паўнамоцтвах старшынь райвыканкамаў. Але гэта толькі на першы, неспрактыкаваны погляд перпендыкулярнае пытанне. А насамрэч — гэта і ёсць змест перадвыбарчай праграмы. Таму што, кажа Лукашэнка: "Калі губернатары, старшыні гар- і райвыканкамаў працуюць нармальна — краіна будзе ў парадку. Таму мы гэты, стратэгічна важны дакумент абмяркуем".

Стратэгічна важны! <...> А які дакумент? Раптам, на трыццатым годзе панаваньня, высветлілася, што "няма нарматыўна-прававога акту, які б выразна распісаў, чым павінен займацца старшыня райвыканкаму. <...> Яны не нясуць той нагрузкі, якую павінны несці старшыні райвыканкамаў".

Вы ж памятаеце, што ўжо не першы год Лукашэнка патрабуе, каб хто-небудзь за яго яму зрабіў прыгожа. Пачынаў з Адміністрацыі, Саўміна, губернатараў. Дагрукаўся да мышэй. Адказнымі за стан спраў у краіне прызначаныя чыноўнікі, якія знаходзяцца на самай ніжэйшай ступені чырвонай ніткі вертыкалі дыктатуры, як гэта назваў сам Лукашэнка. Больш за тое, плануецца прыняць указ, таму што Лукашэнка хоча, каб кіраўнікі на месцах неслі адпаведную адказнасць за стан спраў у краіне, атрымліваецца».