Антыфэйк / фактчэк

15 студзеня

Лукашэнка распавёў, што работнікі метро ў 1995 годзе страйкавалі праз палітыку. Нагадалі сапраўдную прычыну

Спробы прафсаюзаў правесці перамовы з начальнікам метро вынікаў не далі, і тады было вырашана пачаць страйк».

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 05.01.2025
Работнікі Менскага метрапалітэну ў 1995 годзе страйкавалі па палітычных прычынах, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Каманда Weekly Top Fake праверыла гістарычны факт і высветліла, што прычына была іншая.

Пра страйк метрапалітэнаўцаў Аляксандр Лукашэнка згадаў на адкрыцці новых станцый менскага метро «Аэрадромная», «Немаршанскі Сад» і «Слуцкі Гасцінец» напрыканцы 2024 года. Яго выступ 5 студзеня 2025 года апублікавала БелТА. 

«Ну, і ў нас катавасія была ладная. Калі б не міліцыя, наўрад ці б вытрымалі. Там машыны перакулялі ды іншае, іншае. І вельмі актыўна тагачасная апазіцыя карысталася паслугамі метрапалітэнаўцаў. І, я памятаю, угаварылі вашых бацькоў, хутчэй за ўсё, выступіць у падтрымку апазіцыі. Спынілі летам метро», — распавёў Лукашэнка. 

Пра страйк метрапалітэна 22 жніўня 1995 года пісала расейскае выданне «Коммерсантъ»:

«Як паведаміў карэспандэнту Ъ старшыня прафкама метрапалітэну Мікалай Канах, сітуацыя ў Менскім метрапалітэне абвастрылася вясной гэтага года, калі начальнік гарадскога метро Уладзімір Набежка сваім загадам адмяніў 10-адсоткавыя надбаўкі за бяспечную і безаварыйную працу і паменшыў памер прэмій. Тым самым ён парушыў калектыўную дамову, заключаную паміж працадаўцамі і прафсаюзам. (На метрапалітэне суіснуюць два прафсаюзы: афіцыйны і свабодны незалежны прафсаюз Беларусі. З таго часу, як была парушаная калектыўная дамова, яны дзейнічаюць разам.)

Спробы прафсаюзаў правесці перамовы з начальнікам метро вынікаў не далі, і тады было вырашана пачаць страйк». 

За пару дзён да гэтага страйк абвясцілі работнікі тралейбуснага дэпо ў Гомлі, а потым і ў Менску, пісала ў канцы 2021 года «Еўрарадыё». Ні ў адным выданні таго часу — дзяржаўным ці незалежным — каманда WTF не знайшла палітычных патрабаванняў страйкоўцаў, гаворка ішла толькі аб кампенсацыі за пратэрміноўку выплаты заробкаў, адстаўцы начальніка і падобнае. Адзіным, хто сцвярджаў, што гэта не працоўныя, а палітычныя пратэсты, быў Аляксандр Лукашэнка.

«У нядзелю ў тэлепраграме "Рэзананс" выступіў беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што страйк метро — справа рук нацыяналістычных сіл на чале з Беларускім народным Фронтам, якія пацярпелі поўнае паражэнне на выбарах і не правялі ў парламент ніводнага чалавека», — напісала газета «Коммерсантъ» 22 жніўня 1995 года. 

У выніку тых пратэстаў улады пайшлі насустрач страйкуючым тралейбуснікам — выплацілі ім затрыманы заробак. А абурэнні работнікаў метро задушылі сілай АМАПу і запрасілі на працу ў Менскі метрапалітэн чыгуначнікаў.