Пра страйк метрапалітэнаўцаў Аляксандр Лукашэнка згадаў на адкрыцці новых станцый менскага метро «Аэрадромная», «Немаршанскі Сад» і «Слуцкі Гасцінец» напрыканцы 2024 года. Яго выступ 5 студзеня 2025 года апублікавала БелТА.
«Ну, і ў нас катавасія была ладная. Калі б не міліцыя, наўрад ці б вытрымалі. Там машыны перакулялі ды іншае, іншае. І вельмі актыўна тагачасная апазіцыя карысталася паслугамі метрапалітэнаўцаў. І, я памятаю, угаварылі вашых бацькоў, хутчэй за ўсё, выступіць у падтрымку апазіцыі. Спынілі летам метро», — распавёў Лукашэнка.
Пра страйк метрапалітэна 22 жніўня 1995 года пісала расейскае выданне «Коммерсантъ»:
«Як паведаміў карэспандэнту Ъ старшыня прафкама метрапалітэну Мікалай Канах, сітуацыя ў Менскім метрапалітэне абвастрылася вясной гэтага года, калі начальнік гарадскога метро Уладзімір Набежка сваім загадам адмяніў 10-адсоткавыя надбаўкі за бяспечную і безаварыйную працу і паменшыў памер прэмій. Тым самым ён парушыў калектыўную дамову, заключаную паміж працадаўцамі і прафсаюзам. (На метрапалітэне суіснуюць два прафсаюзы: афіцыйны і свабодны незалежны прафсаюз Беларусі. З таго часу, як была парушаная калектыўная дамова, яны дзейнічаюць разам.)
Спробы прафсаюзаў правесці перамовы з начальнікам метро вынікаў не далі, і тады было вырашана пачаць страйк».
За пару дзён да гэтага страйк абвясцілі работнікі тралейбуснага дэпо ў Гомлі, а потым і ў Менску, пісала ў канцы 2021 года «Еўрарадыё». Ні ў адным выданні таго часу — дзяржаўным ці незалежным — каманда WTF не знайшла палітычных патрабаванняў страйкоўцаў, гаворка ішла толькі аб кампенсацыі за пратэрміноўку выплаты заробкаў, адстаўцы начальніка і падобнае. Адзіным, хто сцвярджаў, што гэта не працоўныя, а палітычныя пратэсты, быў Аляксандр Лукашэнка.
«У нядзелю ў тэлепраграме "Рэзананс" выступіў беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што страйк метро — справа рук нацыяналістычных сіл на чале з Беларускім народным Фронтам, якія пацярпелі поўнае паражэнне на выбарах і не правялі ў парламент ніводнага чалавека», — напісала газета «Коммерсантъ» 22 жніўня 1995 года.
У выніку тых пратэстаў улады пайшлі насустрач страйкуючым тралейбуснікам — выплацілі ім затрыманы заробак. А абурэнні работнікаў метро задушылі сілай АМАПу і запрасілі на працу ў Менскі метрапалітэн чыгуначнікаў.