Пасля дэбатаў кандыдатаў у прэзідэнты ЗША Камалы Харыс і Дональда Трампа 10 верасня 2024 года поп-спявачка Тэйлар Свіфт напісала ў інстаграме, што на выбарах, якія маюць адбыцца ў лістападзе, будзе галасаваць за прадстаўніцу Дэмакратычнай партыі. Гэты пост каштаваў ёй 17 мільёнаў падпісчыкаў, праз пяць дзён паведамілі аўтары афіцыйнага акаўнта PGA Tour (Professional Golfers' Association Tour) у сацсетцы Х. У спявачкі быў 301 мільён фолавераў ў інстаграме, гаварылася ў паведамленні, а пасля поста ў падтрымку Харыс засталося 284 мільёны.
Не ўсе з больш чым 2,5 мільёна паглядзеўшых публікацыю PGA Tour паверылі ў напісанае, пра што паведамілі ў каментарах пад постам. У доказ Асацыяцыя выклала скрыншот інстаграм-старонкі Свіфт, які нібыта зрабілі за пяць дзён да публікацыі поста пра Харыс. На ім, дарэчы, замест 301 мільёна падпісчыкаў, як першапачаткова напісаў PGA Tour, паказана 306 мільёнаў.
Журналісты «Нашай Нівы» спраўдзілі, колькі насамрэч было падпісчыкаў у Тэйлар Свіфт, з дапамогай сэрвісу для адсочвання трафіку InsTrack. Ён паказаў, што ў спявачкі ніколі не было 306 і нават 301 мільёна фолавераў. Да публікацыі посту ў падтрымку Камалы Харыс на яе былі падпісаныя 283,9 мільёна чалавек. Пасля гэтага Свіфт не толькі не страціла падпісчыкаў, але і атрымала каля 136 тысяч новых.
На момант выхаду нашай публікацыі пост PGA Tour выдалены. Гэтая арганізацыя адкрыта падтрымлівае Дональда Трампа, пра што пісала ў сацсетцы Х.