Колькасць замежных турыстаў, якія прыехалі ў Беларусь, вырасла ў разы, распавёў 13 лістапада 2024 года вядоўца праграмы «Меркаванні» ТРК «Гомель» Міхаіл Сініцын.
«Чарговае дасягненне сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь за 30 гадоў з моманту заснавання інстытуту прэзідэнцтва звязана з развіццём індустрыі турызму і гасціннасці ў нашай краіне. Колькасць замежных грамадзян, якія наведалі Беларусь у складзе арганізаваных турыстычных груп у 2023 годзе, у 3,8 разу перавысіла аб'ём турыстычнага патоку ў 2000 годзе», — сказаў вядоўца.
З 2000 па 2023 год колькасць арганізаваных турыстаў, якія наведалі Беларусь, сапраўды павялічылася — з 60 тысяч да 233 тысяч чалавек. Нюанс, пра які не распавёў вядоўца: у 2019 годзе паказнік быў амаль удвая большы, чым летась (405,5 тысячы). А потым абваліўся праз эпідэмію каронавіруса і з тых часоў не аднавіўся.
Агучыў вядоўца і іншыя паказнікі па турызме за мінулы год:
«Як адзначылі ў Мінэканомікі Беларусі, агульная колькасць паездак арганізаваных і неарганізаваных турыстаў на тэрыторыю нашай краіны ў 2023 годзе склала 5,7 млн чалавек».
Міхаіл Сініцын не назваў паказнікі папярэдніх гадоў для параўнання, з яго слоў не ясна, амаль 6 млн — гэта шмат ці мала. Да прыкладу, у 2019 годзе ў Беларусь прыехалі амаль 12 млн турыстаў.
Эпідэмія каранавіруса скончылася, межы адкрытыя, але паток турыстаў з СНД так і не дасягнуў узроўню 2019 года, а з іншых краін паменшыўся ў чатыры разы. Нават у ковідным 2020 годзе яны ў Беларусь прыязджалі часцей.