Пра тое, як «парламент Іспаніі з’язджае з глузду» распавёў вядоўца праекту «Вострая палітыка» 4 кастрычніка 2024 года.
«Іспанскі парламентарый жахнуў сусветную грамадскасць. Не, гэта не новы босс з [відэагульні] DLC Elden Ring або Black Myth: Wukong, а ўсяго толькі народны выбраннік. Іспанцы, гляджу, зусім паўмеры не прызнаюць. Вось і самая каталіцкая і радыкальна настроеная краіна Еўропы, а вось — парламентарый чапляе на галаву адсечаныя курыныя ножкі і вяшчае з трыбуны з разумным выглядам у сукенцы. Гэта мужчына, нагадаю. Можна, вядома, спрабаваць захаваць спакой, але гэта такая клініка ўжо, ей богу», — пракаментаваў вядоўца фота, якое ў гэты час паказвалі на экране.
Каманда WTF знайшла фота мужчыны ў сукенцы ў сацсетцы Х (былы твітэр). Аўтары посту сцвярджаюць, што гэта іспанскі міністр, а не дэпутат. Але і першая версія, і другая — няпраўда.
На самой справе на здымку прадстаўнік дрэг-культуры — артыст Sorny, які пераўвасабляецца ў жаночыя вобразы. Мы знайшлі гэтае ж фота ў яго інстаграме. Яго зрабілі ў ліпені 2024 года на свяце ў гонар Міжнароднага дня дрэг-руху. Мерапрыемства арганізавалі ў супрацы з Міністэрствам роўнасці Іспаніі.
На агульным фота ўдзельнікаў ёсць і чыноўнік, але апрануты ён кансерватыўна — у гарнітур з гальштукам.