Гаворка пра падабенства Іосіфа Сталіна і Аляксандра Лукашэнкі ішла 7 кастрычніка 2024 года ў праграме «Азаронак. Наўпрост».
«І калі глядзець на ўсіх кіраўнікоў нашай дзяржавы, то з вёскі два чалавекі — Іосіф Вісарыёнавіч, у яго сяляне — у вёсцы Горы — бацькі, і Аляксандр Рыгоравіч», — распавёў вядоўца Рыгор Азаронак.
«Нашай дзяржавай» Азаронак, падобна, назваў СССР. З сямі кіраўнікоў Савецкага Саюзу пяцёра нарадзіліся ў вёсках: Леанід Брэжнеў, Мікіта Хрушчоў, Юрый Андропаў, Канстанцін Чарненка і Міхаіл Гарбачоў.
А двое кіраўнікоў — выхадцы з гарадоў — Уладзімір Ленін і Іосіф Сталін. Населены пункт Горы, у якім у 1878 годзе нарадзіўся апошні, стаў горадам задоўга да яго з'яўлення — у 1801-м. Бацька Сталіна быў шаўцом, маці не мела сталай працы.
Маці Аляксандра Лукашэнкі была даяркай, яны жылі ў вёсцы.