Антыфэйк / фактчэк

10 верасня

Каб стаць Героем Украіны, трэба памерці? Праверылі словы расейскага прафесара

На афіцыйным сайце прэзідэнта Украіны публікуюцца ўказы пра ўзнагароджанні.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 28.08.2024
Ва Украіне няма жывых герояў, каб стаць ім — трэба памерці, сцвярджае прафесар Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў (МДІМА) Кірыл Коктыш. Каманда Weekly Top Fake вывучыла спісы тых, хто ўганараваўся звання і прыйшла да іншай высновы. 

Аляксандр Лукашэнка 24 жніўня 2024 года павіншаваў народ Украіны з 33 днём Незалежнасці і заклікаў украінцаў да перамоваў пра мір. Прафесар расейскага МДІМА беларус Кірыл Коктыш, абмяркоўваючы гэта ў эфіры АНТ, 28 жніўня 2024 года заявіў, што ўкраінства — гэта сектанцтва.

«Гэта ў чыстым выглядзе сектанцтва. Прычым гэта секта смяротная. Таму што Героем Украіны каб стаць, трэба быць мёртвым героем. Жывых герояў у яе няма. То бок, гэта атрымліваецца такі некраманцкі культ, досыць змрочны, які як варонка зацягвае да сябе, і зацягнуў велізарную колькасць людзей. <...> Выйсці з секты заўсёды вельмі цяжка, мы ведаем, што для гэтага патрабуюцца велізарныя намаганні і намаганні з боку», — сказаў прафесар.

На афіцыйным сайце прэзідэнта Украіны публікуюцца ўказы пра ўзнагароджанні. З 35 апошніх узнагароджаных Герояў жывым быў кожны сёмы. 2 жніўня прайшлі два ўзнагароджанні: адзін Герой жывы, другі — узнагароджаны пасмяротна. 28 чэрвеня званне атрымалі 17 чалавек. З іх жывыя трое, то бок кожны шосты. На ўзнагароджанні 24 лютага жывым быў кожны чацвёрты ўзнагароджаны. Гэта значыць, што жывыя Героі Украіны ёсць, але большасць званне атрымалі пасмяротна. 

Часопіс «Слова і справа» год таму апублікаваў інфаграфіку па колькасці пасмяротных узнагароджанняў з пачатку вайны. На ёй відаць, што чым даўжэй яна ідзе, тым больш загінулых Герояў. Аднак сказаць, што жывых Герояў Украіны наогул няма, нельга.

У Расеі, у адрозненні ад Украіны, дадзеныя пра ўзнагароджанні ўдзельнікаў так званай СВО званнем Героя Расеі адкрыта не публікуюцца. На сайце таварыства «Знание» мы знайшлі неафіцыйны спіс Герояў, сабраны з розных крыніц, з няпоўнымі дадзенымі. У ім больш за 300 прозвішчаў. Пасмяротна ўзнагароджаныя крыху менш за палову.