Антыфэйк / фактчэк

22 кастрычніка

Disney ў страце праз «парадачак»? Правяраем словы расейскай блогеркі

Зборы ад мультфільмаў Disney ў апошнія гады сапраўды ўпалі.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 10.10.2024
Кампанія Disney нясе страты праз прапаганду заходніх каштоўнасцяў, заявіла расейская блогерка і медыятэхнолаг Ларыса Ржандоўская ў гасцях у Рыгора Азаронка. Каманда Weekly Top Fake вывучыла касавыя зборы медыякарпарацыі апошніх гадоў.

На думку расейскай блогеркі і медыятэхнолага Ларысы Ржандоўскай, гледачу фільмы Disney з прапагандай заходніх каштоўнасцяў не цікавыя. Сваё меркаванне яна выказала 10 кастрычніка 2024 года ў эфіры «Азаронак. Наўпрост». 

«У іх праз гэты парадачак, усяго гэтага навязвання мультфільмаў-фільмаў, усе гэтыя Русалачкі, усе Папялушкі, калі яны пачалі прасоўваць парадак, ужо гады тры яны ідуць у велізарны-велізарны мінус. Таму што Оскар-та ты свой атрымаеш, чорт з табой, ці яшчэ якую-небудзь прэмію, Грэмі... Не, гэта музычная. Ну, карацей, прэмію-та ты атрымаеш, а глядач ні храна не ідзе», — сказала Ржандоўская.

Рыгор Азаронак у адказ выказаў здагадку, што Disney выжывае толькі за кошт дзяржзаказу ад уладаў ЗША.

Фільм «Русалачка», які прывяла ў прыклад госця студыі, выйшаў у 2023 годзе. Галоўную ролю ў ім выканала цемнаскурая акторка. У ЗША паказ фільма прайшоў паспяхова, а гледачы Афрыкі, Азіі і асабліва Кітая не ацанілі гэты эксперымент. Аднак карціна ўсё роўна ўвайшла ў дзясятку самых касавых фільмаў года і сабрала больш за $500 млн.

Зборы ад мультфільмаў Disney ў апошнія гады сапраўды ўпалі. Стратным быў, да прыкладу, «Дзіўны свет». Праз ЛГБТ-тэму яго не паказвалі ў 20 краінах, а кампанія на ім страціла $200 млн. 

Затое апошні дыснэеўскі мультфільм «Галаваломка-2» стаў самым касавым анімацыйным фільмам у гісторыі, за шэсць тыдняў пракату сабраўшы амаль $1,5 млрд. 

Акрамя таго, кампанія Disney зарабляе на фільмах і серыялах, ёй належыць студыя Marvel, а таксама правы на серыю фільмаў «Аватар», першы з якіх стаў самай касавай стужкай за ўсю гісторыю кінапракату, зарабіўшы на момант выхаду матэрыялу каля $3 млрд. 

Таксама Disney зарабляе на забаўляльных парках, кабельным ТБ і імкнецца скласці канкурэнцыю Netflix, развіваючы стрымінг. Пакуль гэта — самы стратны кірунак, а не вытворчасць мультфільмаў. У цэлым кампанія атрымлівае па $2-3 млрд чыстага прыбытку ў год.