Навіны

01 кастрычніка

Літва скасоўвае яшчэ адзін кантракт з Garsų pasaulis, фігурантам расследавання БРЦ аб пашпарце Новай Беларусі

Garsų pasaulis раней ужо была ўцягнутая ў карупцыйныя скандалы ў Кыргызстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Малдове.

Garsų pasaulis
Крыніца: Фото: 15min.lt
Дзяржаўная падатковая інспекцыя Літвы (VMI) заявіла, што скасуе кантракт з кампаніяй Garsų pasaulis на друк алкагольных і тытунёвых акцызных марак. Пра гэта 1 кастрычніка напісала літоўскае выданне 15min.lt. Са словаў прадстаўніка VMI, у ведамства ёсць яшчэ месячны запас акцызаў на алкаголь і двухмесячны на тытунь, аднак яны ўжо вядуць перамовы з Польшчай аб вытворчасці марак для Літвы.

«Каб у тэрміновым парадку замяніць цяперашняга вытворцу», VMI звярнулася ў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы з просьбай датэрмінова скасаваць кантракт з Garsų pasaulis. Ён павінен быў дзейнічаць да канца гэтага года.

Раней шматгадовага манапаліста па друку бланкаў літоўскіх пашпартоў Garsų pasaulis пазбавілі сертыфікату даверу, а Цэнтр выдачы асабістых дакументаў пры МУС Літвы скасаваў дамову з кампаніяй. Гэта здарылася пасля расследавання БРЦ і 15min.lt пра яе сувязь з «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым у Garsų pasaulis заявілі, што не згодныя з рашэннем уладаў і будуць звяртацца ў суд.

У траўні БРЦ сумесна з 15min.lt высветлілі, што Garsų pasaulis звязаная з Віктарам Шаўцовым — беларускім бізнесоўцам, які манапалізаваў вытворчасць ахоўных галаграмаў у Беларусі і трапіў пад санкцыі ЕЗ і Швейцарыі як «гаманец» Аляксандра Лукашэнкі.

Garsų pasaulis раней ужо была ўцягнутая ў карупцыйныя скандалы ў Кыргызстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Малдове. Яе таксама выбралі для друку пашпартоў Новай Беларусі.

У артыкуле 15min.lt ад 1 кастрычніка са спасылкай на прадстаўніцу Garsų pasaulis паведамляецца, што кампанія падпісала мемарандум аб намерах з Аб'яднаным пераходным Кабінетам. 27 верасня галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў БРЦ, што яе Офіс кансультуецца з літоўскімі ўладамі ў пытанні выбару альтэрнатыўнага пастаўшчыка бланкаў пашпарту Новай Беларусі.

Іншыя Навіны