Муж і жонка Эдуард і Алена Апсіт арганізавалі бізнес клінінг-паслуг у Беларусі, Расеі і Украіне. У нашай краіне ён развіваўся ў тым ліку за кошт хабараў чыноўнікам і махінацый на тэндарах. Па мінімальных падліках БРЦ, з 2014 па 2023 гады Апсіты зарабілі ў Беларусі каля €50 млн.
У Расеі звязаныя з Апсітамі кампаніі ўступалі ў змову са структурамі Яўгена Прыгожына. Сур'ёзнай фінансавай адказнасці ім удалося пазбегнуць. Ва Украіне звязаныя з Апсітамі фірмы таксама станавіліся фігурантамі справы аб махінацыях на тэндарах.
Пасля акупацыі Крыму і пачатку вайны на Данбасе беларускія клінеры працягнулі атрымліваць дзяржкантракты адначасова ў Расеі і Украіне. Да 2019 года Эдуард Апсіт выйшаў са складу ўсіх сваіх украінскіх кампаній. Латвійскія следчыя лічаць, што фірмы перайшлі пад кантроль яго давераных асобаў.
Заробленыя ў Беларусі, Расеі і Украіне грошы Эдуард Апсіт адмываў праз еўрапейскі банк, лічаць латвійскія следчыя. Яны арыштавалі з рахункаў звязаных з ім кампаній €73 млн.
Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з калегамі з «Важных гісторый» (Расея), «Седства.Інфа» (Украіна), Re:Baltica (Латвія), TV3 (Латвія) пры падтрымцы КіберПартызанаў.
За 30 гадоў ад манапаліста да абвінавачанага
Латвійскі суд праводзіць разбор па буйным фінансавым скандале з беларускім следам. Галоўны фігурант справы – бізнесовец Эдуард Апсіт, грамадзянін нашай краіны. Абвінавачанне арыштавала з рахункаў звязаных з ім кампаній €73 млн. – столькі яны, паводле версіі следства, адмылі праз фіктыўныя дамовы, заключаныя паміж сабой. Следства сцвярджае, што грошы Апсіт зарабляў у Беларусі, Расеі і Украіне, а затым выводзіў у ЕЗ праз ABLV Bank, які мае скандальную рэпутацыю.
У 2018 годзе сетка па барацьбе з фінансавымі злачынствамі Мінфіну ЗША аб'явіла, што плануе ўвесці супраць гэтага банку санкцыі за адмыванне грошай. Гэтыя схемы, напрыклад, дапамагалі Паўночнай Карэі ў закупцы ці экспарце балістычных ракет. У 2022 годзе абвінавачанні супраць ABLV Bank выставіла пракуратура Латвіі. Некалькіх вядучых супрацоўнікаў падазравалі ў легалізацыі €2,1 млрд злачынна нажытых сродкаў.
БРЦ вывучыў гісторыю бізнесаў Эдуарда Апсіта і высветліў, што свае мільёны, у адмыванні якіх яго падазраюць у Латвіі, ён зарабіў у Беларусі і Расеі пад брэндамі «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцейшым», а таксама ва Украіне праз групу клінінг-кампаній «Чыста». Гэтыя бізнесы ён будаваў разам з жонкай Аленай.
Апроч беларускага, у сужэнцаў ёсць і іншыя пашпарты. Ён – грамадзянін Расеі, яна – грамадзянка Кіпра.
Сваю дзейнасць Апсіты распачалі ў 1994 годзе ў Менску і доўгі час заставаліся адзінымі гульцамі на беларускім клінінгавым рынку.
На працягу 30 гадоў муж і жонка адкрылі 10 кампаній. На дадзены момант актыўнымі застаюцца дзве фірмы: «Чысты свет плюс» і «Кіроўная кампанія "Фасілікам"».
За 10 гадоў працы ў Беларусі яны атрымалі сотні дзяржзаказаў на агульную суму больш за €40 млн па цяперашнім курсе. Сярод іх кліентаў: прэзідэнцкая клініка, больніцы, універсітэты, Нацыянальная бібліятэка, Белтэлерадыёкампанія і ПВТ.
БРЦ праверыў, як фірмы Апсітаў атрымлівалі такія важныя і прыбытковыя замовы. Мы прааналізавалі выйграныя тэндары – і знайшлі маніпуляцыі.
Справа аб прэзідэнцкім медцэнтры
28 верасня 2016 года прэзідэнцкі медцэнтр аб'явіў аўкцыён па комплексным абслугоўванні будынкаў за кошт бюджэту. «Чысты свет плюс» прапанаваў свае паслугі прыкладна за € 300 тыс. і атрымаў дзяржзаказ. Іх адзіным канкурэнтам была «Кіроўная кампанія “Фасілікам”», прапанова якой была ўсяго на €388 даражэй. Гэта значыць дзве падкантрольныя Апсітам фірмы імітавалі канкурэнцыю на таргах.
Гэта не адзіная маніпуляцыя такога кшталту. Усяго БРЦ знайшоў 9 фіктыўных тэндараў з удзелам кампаній Апсітаў, выйграных паводле гэтай схемы. У кожным перамагаў «Чысты свет плюс» – гэта прынесла яго ўладальнікам з беларускага бюджэту каля €755 тыс.
Справа аб Беларускай чыгунцы
Яшчэ адну схему з удзелам бізнесу Апсітаў мы знайшлі, вывучыўшы гісторыю з атрыманнем тэндару на абслугоўванне Берасцейскага вагоннага ўчастка Беларускай чыгункі за 2015 год. Яго таксама выйграў «Чысты свет плюс». Праз 20 дзён пасля падпісання дамовы бакі заключылі дадатковае пагадненне, паводле якога, як пісалі берасцейскія СМІ, расцэнкі па некаторых пазіцыях павялічыліся ў тысячу разоў.
У выніку, па дадзеных мясцовых журналістаў, Берасцейскі вагонны ўчастак выплаціў «Чыстаму свету плюс» каля 11 млн рублёў, хоць першапачатковая сума дамовы ледзь перавышала 1,6 млн рублёў.
Першым на завышаныя тарыфы звярнуў увагу тагачасны майстар Берасцейскага вагоннага ўчастка Аляксандр Клачкоў. Па ягонай заяве пракуратура правяла праверку, аднак крымінальную справу ўзбуджаць не стала. Начальнік вагоннага ўчастка атрымаў толькі папярэджанне за «учыненне правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі». Затое звольнілі пільнага супрацоўніка Клачкова. Ён дабіўся аднаўлення праз суд, але праз некаторы час сышоў з БЧ па ўласным жаданні.
Справа аб «Банку ВТБ», холдынгу «Менск Крышталь» і зноў прэзідэнцкім медцэнтры
Яшчэ адзін скандал з удзелам «Чысты свет плюс» разгарэўся ў 2019 годзе. І зноў справа была звязаная з дзяржаўнымі падрадамі. Тады за дачу хабару ў Беларусі затрымалі дырэктара фірмы Валерыя Гатоўчыка. З дапамогай «КіберПартызанаў» мы даведаліся падрабязнасці трох кейсаў гэтай справы.
Па матэрыялах следства, Гатоўчык двойчы перадаваў хабар супрацоўніку «Банку ВТБ», каб «Чысты свет плюс» дапамаглі атрымаць кантракт. Памер хабару – як мінімум $2500. Па $500 Гатоўчык даў намесніку гендырэктара алкагольнага холдынгу «Менск Крышталь» Дзмітрыю Кісялю, каб той своечасова разлічыўся за выкананую працу, і галоўнаму інжынеру прэзідэнцкага медцэнтру Людміле Любчук – «за лаяльнае стаўленне пры прыёмцы прац».
Нам невядома, чым скончылася гэтая крымінальная справа. Але мы дакладна ведаем, што пасля яго «Чысты свет плюс» працягнуў выйграваць дзяржаўныя тэндары на агульную суму кантрактаў больш за мільён рублёў. У тым ліку кампанія падпісала дамову з прэзідэнцкім медцэнтрам на 17 тысяч рублёў праз пяць месяцаў пасля таго, як Любчук атрымала хабар ад Гатоўчыка.
Аднак на Беларусі амбіцыі бізнесменаў Апсітаў не скончыліся. Судовыя разборы – таксама.
Прыбіральнік Крамля – канкурэнт кухара Пуціна
У канцы снежня 2013-га расейскі дзяржзаказ на гадавую ўборку Крамлёўскага палаца атрымала кампанія «Клін Тайм». Яна працавала пад брэндамі «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцейшым», гэта значыць звязаная з Эдуардам і Аленай Апсітамі.
Па кантракце фірме вылучылі €280 тыс. з бюджэту. Ужо на пачатку студзеня яна арганізавала ўборку Крамлёўскага палаца пасля Каляднай ёлкі для шматдзетных сем'яў, дзяцей з інваліднасцю і дзяцей-сіротаў. Нам невядома, хто з супрацоўнікаў Апсітаў абслугоўваў гэтае дабрачыннае свята, але мы ведаем, што не ўсе яны маглі быць уладкаваныя ў кампаніях легальна.
Праз чатыры месяцы пасля ёлкі ў Крамлі маскоўская паліцыя затрымала супрацоўнікаў адной з буйных клінінгавых фірмаў. Галінавыя СМІ пісалі, што гаворка ідзе аб групе кампаній Апсітаў «Фасілікам». Іх абвінавачвалі ў нелегальным працаўладкаванні мігрантаў з Узбекістана, якія скардзіліся на нізкія заробкі і рабскія ўмовы працы. Пра вынікі крымінальнай справы, як і ў выпадку з беларускім разборам, нам невядома. Але бізнес Апсітаў у РФ пасля яго не зачыніўся.
Нашыя калегі з «Важных гісторый» вывучылі сотні расейскіх дзяржзакупак з удзелам кампаній пад брэндам «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцейшым» і падлічылі агульную суму кантрактаў. З 2007 па 2019 год – больш за € 100 млн па цяперашнім курсе. Сярод заказчыкаў не толькі Крамлёўскі палац, але таксама «Ростелекам», аэрапорт Шарамецьева, Вярхоўны суд і Расейская чыгунка.
Супрацоўнічалі звязаныя з Апсітамі кампаніі і з Міністэрствам абароны Расеі. Напрыклад, фірма «Флагман Клін», якая карысталася гандлёвымі маркамі «Чысты свет плюс» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцейшым», выйграла тэндары на ўборку казармаў у акупаваным Крыме. Па кантрактах, заключаных у 2015-2016 гадах, кампанія атрымала каля €30 млн. Кіраўніцай і ўладальніцай «Флагман Клін» у 2016 годзе была Галіна Сірацініна. Да гэтага яна працавала ў кампаніі «Чысты свет сэрвіс», якой валодалі Эдуард і Алена Апсіт.
Рынак ваеннага клінінгу ацэньваецца ў мільярды расейскіх рублёў і, як высветліў РБК, Апсіты дзеляць яго з заснавальнікам ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным. Памятаючы аб маніпуляцыях кампаній Апсітаў ў Беларусі, БРЦ спраўдзіў, наколькі сумленна яны канкуруюць з Прыгожыным, і вывучыў гісторыю таргоў расейскага Мінабароны.
Магчымая змова з Прыгожыным
У 2016 годзе Федэральная антыманапольная служба РФ выявіла картэльную змову на аўкцыёнах па комплексным абслугоўванні ваенных гарадкоў і іншых аб'ектаў. Таргі выйгравала адна з 8 фірмаў-удзельніц антыканкурэнтнай дамовы. Яны адмаўляліся ад паўнавартаснага суперніцтва, з-за чаго ўсе дзяржкантракты на агульную суму амаль € 245 млн. заключылі з нязначным зніжэннем пачатковай максімальнай цаны – не больш за 1,5%. У ходзе разбору антыманапольнай службе ўдалося даказаць змову на €28 млн.
Тады ФАС падзяліла кампаніі-змоўшчыкаў на дзве групы. Першая – гэта кампаніі «Кампанент», «Экабалт», «РусКомплекс», «Спецрэсурс», «Мегалайн». Расейскі Фонд барацьбы з карупцыяй высветліў, што яны звязаныя з Яўгенам Прыгожыным. Другая група ўключала фірмы «Белы мядзведзь», «Каралклін» і «Міленіум клін». Хто стаяў за імі, не было вядома да нашага расследавання.
У матэрыялах ФАС мы ўбачылі, што гэтыя тры фірмы карысталіся адным IP-адрасам пры падачы заявак на таргі. Акрамя таго, заяўкі стваралі пад аднолькавымі ўліковымі запісамі, а падавалі іх адныя і тыя ж карыстальнікі. На думку спецыялістаў ФАС Расеі, гэта сведчыць аб «працяглых і ўстойлівых сувязях» паміж кампаніямі.
БРЦ вывучыў склады кіраўнікоў і ўладальнікаў гэтых фірмаў. Аказалася, многія з іх раней працавалі ў кампаніях пад брэндам «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцейшым». Напрыклад, дырэктарам і ўладальнікам «Каралклін» была Людміла Чакорая. Яна ж кіравала кампаніяй «Інтэграці Сэрвіс», якая карысталася таварнымі знакамі «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцейшым».
Мы датэлефанаваліся да гэтай жанчыны. Яна пацвердзіла, што працавала на групу кампаній Апсітаў, але сцвярджала, што адказвала за якасць работ, а не за тэндары.
БРЦ спрабаваў звязацца з іншымі былымі кіраўнікамі і ўладальнікамі гэтых кампаній – безвынікова. Многія нумары ўжо не сапраўдныя, а ўсе тры фірмы ліквідаваныя. Як запэўніла нас Людміла Чакорая, група кампаній Апсітаў «Фасілікам» працягвае ўтрымліваць лідзіруючыя пазіцыі на расейскім рынку клінінгу. Чаго нельга сказаць аб іншым напрамку іх бізнесу – украінскім.
Ад клінінгу да адмывання
Пакуль кампаніі пад брэндам «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцейшым» атрымлівалі замовы ад расейскіх вайскоўцаў, Апсіты бесперашкодна працавалі і на рынку Украіны. Там беларускія бізнесоўцы яшчэ ў 1997 годзе стварылі групу кампаній «Чыста» і, як у Расеі, былі фігурантамі справы аб махінацыях на тэндарах.
У 2016 годзе Львоўскае аддзяленне Украінскай чыгункі аб'явіла тэндар на пастаўку мыйных машынаў. На яго заявіліся дзве кампаніі: «Нямецкая мыйная тэхніка» і «Чысты свет-Трэйд» . Перамагла апошняя, з ёй заключылі дагавор на €4,5 тыс.
У 2016 годзе ў Антыманапольны камітэт Украіны паступіла скарга на гэтыя таргі ад народнага дэпутата Сяргея Лешчанкі.
Ён заўважыў, што канкурэнцыю на аўкцыёне кампаніі імітавалі. Уладальнікамі «Нямецкай мыйнай тэхнікі» і «Чыстага свету-Трэйд» былі адны і тыя ж людзі, офісы кампаній знаходзіліся па адным адрасе ў Кіеве, а заяўкі на тэндар яны падавалі з аднаго IP-адрасу. Сярод уладальнікаў «Нямецкай мыйнай тэхнікі» быў Эдуард Апсіт. Кампаніі прызналі вінаватымі ў парушэнні антыманапольнага заканадаўства, кожная атрымала штраф у €1 тыс.
Пасля акупацыі Крыма і пачатку вайны на Данбасе Эдуард Апсіт, які мае расейскі пашпарт, пачаў выходзіць са складу заснавальнікаў звязаных з ім украінскіх кампаній. Да лістапада 2019 года ў яго не засталося бізнес-актываў ва Украіне. Кіраваць фірмамі працягнулі яго даўнія партнёры. Гэты факт прыцягнуў увагу латвійскіх следчых, якія ў 2019 годзе пачалі расследаванне ў дачыненні да Апсіта аб адмыванні € 73 млн. Яны лічаць, што дэ-юрэ ўкраінскі бізнэс перапісалі на яго давераных асобаў, але дэ-факта кіруе па-ранейшаму ён.
«У судзе знаходзяцца дзве крымінальныя справы, у якіх дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваюць два пракуроры пракуратуры Рыжскай судовай акругі. У агульнай складанасці ў рамках гэтых разбораў былі арыштаваныя сродкі на суму 73 млн еўра. Рух гэтых сродкаў усталяваны, як і бенефіцыярныя ўласнікі», – распавяла TV3 Latvia прэс-сакратарка Латвійскай пракуратуры Айга Ейдука.
З матэрыялаў cправы латвійскага суда вынікае, што заробленыя ў Беларусі, Расеі і Украіне грошы Апсіт выводзіў у ЕЗ. Гэта дазволіла яму з жонкай атрымліваць асалоду ад спакою на курорце ў Юрмале. Там, у 200 метрах ад Балтыйскага мора, у іх ёсць асабняк коштам €1,2 млн.
Эдуард Апсіт сустрэўся з намі і прадставіў сваю пазіцыю па гэтай справе. Паводле яго словаў, ён ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці ні ў Расеі, ні ў Беларусі, і, наколькі яму вядома, у Латвіі ііншых краінах супраць яго няма крымінальных спраў. Ён сцвярджае, што не знаёмы і не меў дзелавых адносін з Яўгенам Прыгожыным. Апсіт адмаўляе, што падкантрольныя яму фірмы ўступілі ў картэльныя змовы, і запэўнівае, што ні ён сам, ні падкантрольныя яму кампаніі не атрымлівалі грошы ад Крамля і расейскага Міністэрства абароны.
Латвійскія ўлады працягваюць расследаванне гэтай справы.
Паважаныя чытачы!
У гэтым матэрыяле былі дапушчаныя наступныя недакладнасці.
У тэндэры (праходзіў у 2015 годзе) па абслугоўванні Брэсцкага лакаматыўнага дэпо размова ідзе аб суме ў недэнамінаваных рублях. У адказе пракуратуры па выніках праверкі (датаваны ліпенем 2016 года, пасля дэнамінацыі) не было пазначана, што сума недэнамінаваная. З чаго зроблена выснова, што гаворка ідзе пра дэнамінаваныя рублі. У арыгінале расследавання мы не ўдакладнілі гэтыя нюансы і ўказалі курс рубля пасля дэнамінацыі. Рэдакцыя прыносіць за гэта свае прабачэнні.
Таксама ў расследаванні мы не пазначылі, што ў тэндэры Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь канкурэнцыю дзвюм кампаніям, афіліяваным з Эдуардам Апсітам, склала трэцяя кампанія, якая ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Хоць гэтыя недакладнасці, на нашую думку, не мяняюць сутнасці расследавання, яшчэ раз прыносім свае выбачэнні.
Поўны тэкст, у якім БРЦ каментуе магчымыя памылкі ў матэрыяле, можна прачытаць тут.