Антыфэйк / фактчэк

Учора

Заходнія краіны лідзіруюць па колькасці самагубстваў у свеце? «ЖС Premium» апублікаваў не тую статыстыку

Аўтары «ЖС Premium» не ўдакладнілі, што ў спіс увайшлі толькі некаторыя краіны Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця (АЭСР).

Сярод лідараў у рэйтынгу па колькасці самагубстваў — заходнія краіны, паведамілі аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» і як доказ апублікавалі статыстыку. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што гэта за дадзеныя і чаму яны не пацвярджаюць зваротную прапарцыянальнасць любові да жыцця і дэмакратыі. 

Рэйтынг краінаў па колькасці суіцыдаў тэлеграм-канал «ЖС Premium» апублікаваў 12 верасня 2024 года. 

«Статыстыка па самагубствах. Дзіўная залежнасць: тыя, хто больш за іншых любяць вучыць усіх дэмакратыі, практычна лідзіруюць у гэтым антырэйтынгу. Мабыць, любоў да жыцця і дэмакратыя — зваротна прапарцыйныя», — напісалі аўтары посту і паказалі спіс, пра які ідзе гаворка.

У першай тройцы: Паўднёвая Карэя, Літва і Вугоршчына. Далей — толькі заходнія краіны. Аднак аўтары «ЖС Premium» не ўдакладнілі, што ў спіс увайшлі толькі некаторыя краіны Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця (АЭСР). Гэта міжнародная арганізацыя, удзельнікі якой прытрымліваюцца прынцыпаў дэмакратыі і рынкавай эканомікі. На момант публікацыі ў яе ўваходзяць 38 краін свету, у асноўным заходнія. 

У сусветным рэйтынгу па колькасці суіцыдаў, паводле дадзеных СААЗ за 2019 год (апошнія на момант публікацыі), у лідарах — Лесота, Гаяна, Эсваціні. Затым ідзе Паўднёвая Карэя. З развітых краінаў яна сапраўды першая. На некалькі радкоў ніжэй — Літва. А следам — Расея, Украіна і Беларусь. 

У 2018 годзе пачатак спісу быў такім: Лесота, Гаяна, Рэспубліка Карэя, Эсваціні, Мікранезія, Кірыбаці, Літва, Расея, Сурынам, Паўднёвая Афрыка, Беларусь, Украіна. У 2017 годзе першыя тры месцы ў спісе належалі Лесота, Гаяне і Эсваціні, а Расея і Беларусь па колькасці суіцыдаў апярэджвалі ўсе краіны Еўразвязу акрамя Літвы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі