Антыфэйк / фактчэк

14 лістапада

Дэкан журфаку БДУ назваў цудам яўку на малдаўскіх выбарах на ўчастку ў Нямеччыне. Праверылі, ці быў цуд

У Нямеччыне можна было прагаласаваць на 26 участках, для якіх улады Малдовы даслалі 135 тысяч бюлетэняў.

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду выйграла на выбарах дзякуючы цуду на адным з выбарчых участкаў у Нямеччыне, заявіў дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў у эфіры «Альфа Радыё». Каманда Weekly Top Fake спраўдзіла, ці быў цуд. 

У Малдове 3 лістапада 2024 года прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў, у якім перамагла дзеючая прэзідэнтка краіны Мая Санду. Некаторыя медыі напісалі, што праз недахоп выбарчых участкаў для малдаўскіх грамадзян, якія пражываюць у Расеі, людзей арганізаванымі групамі прывезлі для галасавання ў Беларусь.

Падчас абмеркавання гэтай тэмы з аглядальнікам «Альфа Радыё» Вадзімам Шэпетам у эфіры праграмы «Будні» 5 лістапада 2024 года Аляксей Бяляеў, дэкан факультэту журналістыкі БДУ, распавёў пра цуд на выбарчым участку ў Нямеччыне:

«Гэта перамога заходніх дыяспар. Менавіта заходніх, дзе выразна было відаць, як іх падтрымліваюць, там больш за 30 участкаў у Еўропе выбарчых. Усяго два ў Маскве. Колькасць завезеных бюлетэняў не адпавядае таму, колькі ў Расеі пражывае малдаван: там каля 500 тысяч на 10 тысяч выдадзеных бюлетэняў. Потым пачалі папракаць, што вось, зладзілі выбарчыя каруселі, возіце самалётамі, цягнікамі і аўтобусамі выбаршчыкаў у іншыя краіны, намякаючы, што ў нас тут у Беларусь прыехалі тыя, хто не мог прагаласаваць у Расеі. Але, з іншага боку, мы бачым, што дзесьці ў Нямеччыне на нейкім участку, адмыслова схадзілі паглядзелі, нікога там вакол участку няма і блізка, а там прагаласавала 200 тысяч чалавек за адзін дзень. Ну, цуды цудоўныя». 

Галасаванне дыяспар на выбарах прэзідэнта Малдовы адыграла не апошнюю ролю. У самой краіне большасць галасоў з нязначнай перавагай набраў кандыдат Аляксандр Стаяногла. Але малдаўскія дыяспары ў большасці прагаласавалі за Маю Санду, якая выступае за збліжэнне з ЕЗ.

Праўда і тое, што ў Расеі, дзе жыве найбуйнейшая малдаўская дыяспара, працавала ўсяго два ўчасткі для галасавання, на якія выдзелілі 10 тысяч выбарчых бюлетэняў. Іх, падобна, не хапіла, і малдаване з Расеі арганізавана накіроўваліся прагаласаваць у Менск і Баку. 

МЗС Малдовы патлумачыў гэта асцярогамі за бяспеку на тэрыторыі Расеі. Таксама Кішынёў абвінаваціў Крэмль у арганізаваным падвозе грамадзян Малдовы да выбарчых участкаў.

У Нямеччыне можна было прагаласаваць на 26 участках, для якіх улады Малдовы даслалі 135 тысяч бюлетэняў. Тое, што на вынік выбараў паўплывалі 200 тысяч галасоў, якія налічылі на адным участку ў Нямеччыне, — фэйк. 

Па-першае, 200 тысяч галасоў — гэта прыкладна ў паўтара разу больш, чым малдаўскія ўлады вылучылі бюлетэняў на ўсю Нямеччыну. Па-другое, ніводзін нямецкі ўчастак не трапіў у топ-10 самых актыўных месцаў галасавання малдаван за мяжой. Пасля Масквы найбольшую актыўнасць праявілі дыяспары ў Італіі, Румыніі і Францыі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі