Фальшывы беларускі «афрыканец»
У 2019 годзе Aftrade DMCC падпісала кантракт коштам $2,3 млн на пастаўку ў заходнеафрыканскую Рэспубліку Тога аўтобусаў МАЗ. Гаворка ішла пра мадэль МАЗ-131020, якую ў прэсе называлі «афрыканцам». Гэтую машыну спраектавалі ў 2016 годзе адмыслова для краінаў, якія развіваюцца, і дрэнных дарогаў.
Але кантракт у першапачатковым выглядзе выкананы не быў. Як відаць з перапісак, якія БРЦ атрымаў ад крыніцы на рынку, пасля ўвядзення санкцыяў ЕЗ супраць МАЗу Aftrade DMCC папрасіла прадпрыемства вярнуць перадаплату і перазаключыла кантракт на пастаўку аўтобусаў з іншай беларускай кампаніяй — ТАА «Этон». Мяркуючы па дакументах, якія трапілі ў распараджэнне БРЦ, новы пастаўшчык — фіктыўны, пад выглядам прадукцыі якога прадалі тыя ж аўтобусы МАЗ, але пад іншай назвай.
Нацэнка для Тога
У кастрычніку 2021 года на сайце кампаніі Aftrade DMCC замест аўтобуса MAZ 131020 з'явілася мадэль SuB 131 з ідэнтычнымі характарыстыкамі. З перапіскі Aftrade DMCC, выяўленай расследавальнікамі БРЦ, бачна, што кампанія запатрабавала ад МАЗу прыбраць усе згадкі пра тагалезскі аўтобус з сайту і каталогаў на ўсіх мовах. Адначасова Aftrade DMCC запатрабавала ад ТАА «Этон» дадаць яго на свой сайт з «правільнай назвай» — SuB 131, і прыбраць усе згадкі пра МАЗ. Пры гэтым навучалі тагалезцаў абслугоўваць машыны, рамантавалі пашкоджаны аўтобус і вырашалі ўсе сумежныя пытанні менавіта супрацоўнікі МАЗу.
У студзені 2022 года Aftrade DMCC паставіла ў Тога 22 аўтобусы SuB 131. У цырымоніі іх перадачы мясцоваму перавозніку SOTRAL узяў удзел тагачасны міністр прамысловасці Беларусі Пётр Пархомчык, што падкрэслівае важнасць гэтай угоды для беларускіх уладаў.
Прадала Aftrade DMCC беларускія аўтобусы амаль удвая даражэй, чым набыла — $98 000 за штуку. Акрамя аўтобусаў эмірацкая кампанія пастаўляла ў Тога і запчасткі да іх. Як бачна з рабочай перапіскі кампаніі, нацэнка на іх склала ад 20% да 250% ад кошту закупкі. На запчастках да аўтобусаў МАЗ сцёр сваю маркіроўку і перадаў іх «Этону» — дзеля ўтойвання паходжання тавару.