Антыфэйк / фактчэк

19 лістапада

Трампа выдалілі з базы «Міратворац»? «Невальфовіч» развіў фэйк 2018 года

Каманда WTF праверыла архіўныя версіі сайту «Міратворац».

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 08.11.2024
Дональда Трампа пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША выдалілі з украінскай базы «Міратворац», напісалі аўтары тэлеграм-каналу «Невальфовіч». Каманда Weekly Top Fake спраўдзіла, ці лічыўся ён там наогул. 

Пост пра знікненне Дональда Трампа з украінскай базы «Міратворац» аўтары тэлеграм-каналу «Невальфовіч» апублікавалі 8 лістапада 2024 года. 

«Што трэба зрабіць, каб тваю анкету выдалілі з "Міратворца"? Аказваецца, выйграць амерыканскія прэзідэнцкія выбары.

Дональда Трампа выдалілі з украінскай базы "Міратворац". Ён быў абраны 47-м прэзідэнтам ЗША. Пасля перамогі. Трампа ўнеслі ў "Міратворац" у 2018 годзе нібыта за ягоныя словы пра расейскую прыналежнасць Крыма. Вось так, драбяза бандэраўцам важней гонару і прынцыпаў», — напісана ў посце.

У пацверджанне сваіх слоў аўтары тэлеграм-каналу апублікавалі нібыта скрыншоты са звесткамі Трампа з базы. 

Гэтую навіну распаўсюдзілі і расейскія медыя. Некаторыя з іх удакладнілі, што інфармацыя пра Трампа састарэлая, таму што з базы яго выключылі ў чэрвені 2018 года, амаль адразу пасля дадання. 

Каманда WTF праверыла архіўныя версіі сайту «Міратворац» і Трампа не выявіла. У 2018 годзе менавіта расейскія медыі масава распаўсюджвалі інфармацыю, што палітыка туды ўнеслі праз выказванні пра тое, што Крым належыць Расеі. У чэрвені таго ж года адміністрацыя сайту базы заявіла, што гэтая інфармацыя — фэйк.