Журналіст Андрэй Мукавозчык 15 жніўня 2024 года ў праграме «Накіпела» на СТБ, разважаючы пра стан беларускай эканомікі, адзначыў, «што яна ў нас расце».
«Насамрэч, што ні вазьмі. І інфляцыя ў нас нізкая. З пачатку года 3,4%. А калі год да года браць, то будзе 5,8%. Дзе такую ў Еўропе ўзяць?» — спытаў у гледачоў аглядальнік «СБ. Беларусь сёння».
Адказ на яго пытанне знайшла каманда WTF: такой інфляцыі, як у Беларусі, сапраўды нідзе ў Еўропе няма — яна там ніжэйшая.
У чэрвені 2024 года, паводле звестак Белстата, гадавая інфляцыя ў Беларусі дасягнула 5,8%. З усіх краін ЕЗ, па статыстыцы Еўрастата за гэты ж перыяд, самая высокая інфляцыя была ў Румыніі і Бельгіі — 5,3% і 5,4% адпаведна. А ў сярэднім па краінах Еўразвязу паказнік складае 2,6%.