Антыфэйк / фактчэк

16 студзеня

Берлін напампоўвае Украіну зброяй, здольнай паражаць цэлі ў глыбіні РФ? Праверылі і абверглі

У мінулым годзе Нямеччына, па словах міністра абароны ФРГ Барыса Пісторыўса, аднабакова вылучыла Кіеву дапамогу на €8 млрд.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 05.01.2025
Нямеччына напампоўвае Украіну зброяй далёкага бою для эскалацыі канфлікту з Расеяй, заявіў загадчык кафедры паліталогіі і сацыялогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францыска Скарыны Міхаіл Цішкевіч. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што ўсё наадварот. 

Абвінавачванні на адрас канцлера Нямеччыны Олафа Шольца ў эскалацыі расейска-ўкраінскага канфлікту прагучалі ў праграме «Наш час» на канале «Тэлерадыёкампанія "Гомель"» 5 студзеня 2025 года.

«Тое ж самае тычыцца і Нямеччыны — галоўнага каршака на еўрапейскім кантыненце. Той жа Шольц (у лютым адбудуцца выбары чарговыя) працягвае гэтую палітыку — напампоўваць зброяй Украіну для таго, каб гэты канфлікт перарос ужо ў іншую стадыю. Таму што выкарыстоўваюцца ў дадзеным выпадку пастаўкі зброі, якая здольная паражаць цэлі ў глыбіні Расейскай Федэрацыі», — заявіў загадчык кафедры паліталогіі і сацыялогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францыска Скарыны Міхаіл Цішкевіч.

Олаф Шольц у верасні 2024 года сказаў, што Берлін не будзе пастаўляць Кіеву высокадакладную зброю вялікай далёкасці, нават калі хаўруснікі па NATO прымуць іншае рашэнне. Хаўруснікі менавіта такое рашэнне і прынялі: акрамя ЗША дазвол на выкарыстанне свайго дальнабойнага ўзбраення далі Францыя і Вялікая Брытанія. 

У мінулым годзе Нямеччына, па словах міністра абароны ФРГ Барыса Пісторыўса, аднабакова вылучыла Кіеву дапамогу на €8 млрд. У снежні 2024-га Берлін заявіў пра новую партыю зброі для Украіны, але ў ёй няма высокадакладных дальнабойных ракет.