Відэаролік з кадрамі Вільні ў тэлеграм-канале «Азаронак. СТБ. Беларусь» з'явіўся 6 студзеня 2025 года. У той жа дзень яго таксама апублікавалі «ЖС Premium» і «Шкварка News».
«Як жа папрыгажэла Вільня пры змагарах! Ролік брытанскі, на англійскай, але ўсё зразумела і вельмі смешна», — сказана ў подпісе да відэа.
Апублікаваны ролік стварылі літоўцы. Гэта рэклама Віленскага агенцтва па развіцці бізнесу і турызму. Беларускія тэлеграм-каналы паказалі яе не цалкам, выдаліўшы 41 секунду, што сказіла сэнс.
Сцэны ў відэа пастановачныя. У першай частцы, якую паказалі праўладныя пляцоўкі, стваральнікі роліка робяць адсылку да дагэтуль існуючага ў заходніх краінах стэрэатыпу пра Літву як пра былую савецкую краіну. У другой частцы аўтары паказалі, як выглядае Вільня насамрэч — сучасная, зялёная, культурная і поўная ўнікальнай гастраноміі.